Чаму ў палку Каліноўскага ваюе былы канадскі афіцэр?


Для беларусаў вайна ва Украіне – гэта толькі пачатак змагання за Беларусь, мяркуе Дэйвід Сміт, былы канадскі пяхотны афіцэр, які стаўся добраахвотнікам палка Каліноўскага. «Узровень адданасці беларускіх добраахвотнікаў надзвычай высокі. Яны разумеюць, што гэта першая вайна», – дадае Сміт. Чаму канадзец далучыўся менавіта да палка Каліноўскага? Чым украінцы адрозніваюцца ад беларусаў? Як яму ўдалося пасябраваць з беларусамі на фронце і якая самая смешная ваенная гісторыя з ім там здарылася? Вашай увазе – інтэрв’ю Сяргея Пелясы з жаўнерам палка Каліноўскага на пазыўны Канадзец.

Чаму канадзец ваюе ва Украіне ў беларускім аддзеле супраць расейскай агрэсіі?

Не магу выказвацца за ўсіх канадскіх ваяроў, якія цяпер ваююць ва Украіне, бо іх шмат. Я пагарджаю дыктатарамі і не думаю, што людзі маюць жыць у варунках дыктатуры. Таму я выправіўся ва Украіну, якой цяпер пагражае найвялікшы з наяўных дыктатараў, яе спрабуе заваяваць Уладзімір Пуцін. Я ведаю, што магу дапамагчы яго затрымаць. Чаму я пачаў змагацца ў беларускім аддзеле? Я добра ведаў, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе падчас выбараў. Я бачу гэта як вялікую страту для дэмакратыі, бо мы мелі шанец пазбыцца чалавека, які сам сябе называе апошнім дыктатарам Еўропы.

Гэта не мае словы, гэта Лукашэнка сам так пра сябе выказаўся. Таму, калі я апынуўся ва Украіне і шукаў аддзел, каб далучыцца, бо існуе некалькі аддзелаў замежных ваяроў ва Украіне, адзін знаёмы ўкраінец сказаў, што беларусы маюць добра арганізаваны аддзел. Я ведаў, што некаторыя з іх змагаюцца з 2014–2015 года ў складзе ўкраінскага войска, але яшчэ не зарыентаваўся, што полк Каліноўскага добра арганізаваны. Таму, калі я сустрэўся з іхным кіраўніцтвам, я ўжо ведаў, што хачу ваяваць менавіта там. Мы глядзім на рэчы аднолькава, і я не мусіў нічога тлумачыць, дый яны не пыталіся, чаму я хачу ваяваць менавіта разам з імі. Я прыйшоў і сказаў, што хачу дапамагчы Украіне перамагчы Пуціна, хачу дапамагчы вам вярнуць сабе сваю краіну і пазбыцца Лукашэнкі. Вось чаму я там апынуўся, я быў іхным гарачым прыхільнікам і ведаў, чаго менавіта хачу. Калі я сустрэў іх, то мне лёгка было зрабіць выбар.

Раскажыце трохі пра сябе. Вы маеце вайсковы досвед?

Маю, даволі вялікі. Я 15 гадоў праслужыў у канадскім войску як афіцэр пяхоты. Мяне скіравалі працаваць з украінцамі пасля лютага 2022-га ў межах супольнай міжнароднай дарадча-дапаможнай місіі. Яе стварылі ў першыя тыдні вайны, я працаваў з украінцамі раней, у Канадзе. Калі я апынуўся ва Украіне, там было шмат замежных вайскоўцаў, некаторыя з досведам службы ў арміях краінаў NATO. Але я не думаю, што тады ўсе яны разумелі сутнасць і сур’ёзнасць гэтага канфлікту, як я гэта разумеў. Таму, паназіраўшы амаль год, як ідзе змаганне і як міжнародная супольнасць намагаецца зразумець, які мае быць адказ, я зразумеў, што ведаю, як здольны дапамагчы. На той момант я ўжо абмяркоўваў з украінцамі ва Украіне, чаму здарыўся напад, з вайскоўцамі. Калі я там апынуўся, яшчэ не ведаючы, чым гэта скончыцца, я ўжо ведаў, як магу дапамагчы.

Пасля таго як вы звольніліся з канадскага войска і да таго як апынуліся на вайне ва Украіне, чым вы займаліся?

Ха! Гэта быў вельмі кароткі прамежак часу. Я звольніўся з канадскага войска 31 сакавіка 2023-га…

Справа Дэйвід Сміт, добраахвотнік палка Каліноўскага.
Фота: прыватны архіў

Я ненадоўга вярнуўся дахаты ў канцы 2022-га, каб выканаць фармальнасці і скласці рапарт аб звальненні з войска. Я звольніўся 31 сакавіка 2023 года, а ўжо ў ноч на 15 красавіка мінуў украінскую мяжу. Гэта была велікодная нядзеля, я сустрэўся з украінскаю сям’ёй з Кіева, з якой мяне пазнаёмілі канадцы. Мы пайшлі на велікодную імшу, адстаялі 5 гадзінаў усяночнай у саборы ў цэнтры Кіева. На наступны дзень я спакаваў рэчы і перасяліўся ў кватэру, якую здымалі замежныя валанцёры, а ўжо наступны дзень стаўся першым днём маёй службы. Я прыйшоў у штаб, каб падаць рапарт пра далучэнне да легіёну. То бок прамежак часу паміж маім звальненнем з канадскага войска і далучэннем да ўкраінскага Інтэрнацыянальнага легіёну заняў усяго 16 ці 17 дзён.

Вы служылі ў пададдзеле Касцюшкі, названым у гонар генерала, які змагаўся ў Польшчы і ў ЗША?

Не. Я чуў пра іх, але не.

Ясна. Вы былі ў адным з батальёнаў – «Волат» ці «Літвін»?

Так, я далучыўся да батальёну «Літвін», калі там апынуўся, бо яны былі тады ў ваколіцах Бахмуту. А вакол Бахмуту акурат вяліся найбольш зацятыя баі, і «Літвін» ужо там быў. У мяне была адна кароткая сустрэча з камандаваннем палка, я ім апавёў свой бэкграўнд, што як пяхотны афіцэр я буду добра пачувацца ў акопах з іхнымі жаўнерамі, як я ўжо тады зарыентаваўся. Я скіраваўся проста ў «Літвін». З тае пары паслужыў і ў «Волаце», і ў меншых аддзелах, якія займаюцца аэравыведкай, агнявым падтрыманнем і ўсім такім. Але сваёй роднай адзінкай я лічу менавіта батальён «Літвін».

Hавiны
Фармаванне паводле стандартаў NATO. Палку імя Каліноўскага споўнілася 2 гады
2024.03.09 12:36

Чым вы займаліся на працягу гэтых месяцаў змагання ва Украіне, паміж прыездам ва Украіну і цяперашнім выездам за мяжу на перапынак?

Першыя некалькі месяцаў я правёў на ўсходзе, калі дакладней, то мы былі ў ваколіцах Клішчыеўкі, калі паў Бахмут, а Група Вагнэра пачала разбурацца. Мы апынуліся на поўдзень ад Бахмуту, у ваколіцах невялікага паселішча, гэта нават не горад, Клішчыеўка. За яе мы ваявалі ўвесну, у пачатку лета, тады я быў з «Літвінам», мы разам здзейснілі некалькі аперацыяў. Камандзіры і афіцэры спазналі мяне лепей. Пасля быў Прыгожын са сваім невялікім мяцяжом. Вы ж ведаеце, што калі ён скончыўся, чакалася, што Прыгожын пойдзе ў Беларусь. Былі вялікія сумневы, ці сапраўды ён туды патрапіць, і гэта зрабілася вельмі істотным пытаннем для нас усіх у беларускім аддзеле.

Дэйвід Сміт. Добраахвотнік палка Каліноўскага.
Фота: прыватны архіў

Тады я паехаў у Кіеў сустрэцца з камандаваннем, каб сказаць: гэй, я магу дапамагчы лепей, чымся рыючы траншэі. Я таксама пераймаўся тым, як магчымая перадыслакацыя Групы Вагнэра ў Беларусь паўплывае на хаду вайны, бо гэта, безумоўна, кепска для Беларусі. Аднак калі яна там сапраўды апынецца, гэта будзе вельмі нядобра і для Украіны, калі яны апынуцца на паўночным флангу фронту. Шчыра кажучы, я думаю, што Група Вагнэра на сённяшні момант найбольш жорсткая і варварская, але адначасова і найбольш эфектыўная частка расейскіх сілаў. Таму мы так доўга і зацята з імі змагаліся. Таму я так моцна пра гэта непакоіўся. У сярэдзіне лета я вярнуўся ў штаб і пачаў выконваць больш афіцэрскія абавязкі, дапамагаючы з планаваннем і падобнымі рэчамі. У канцы лета мы рушылі ў ваколіцы Купянску, дзе я праваяваў ажно да свайго цяперашняга ад’езду.

Які быў ваш першы кантакт з беларускімі ваярамі ва Украіне? Вы прыбылі на нейкую пазіцыю ці на базу? Як гэта выглядала?

У першы дзень я прыехаў машынаю з яшчэ адным чалавекам туды, дзе яны жылі. Мы сустрэліся на нейкую гадзіну, спрабавалі прабіцца праз моўны бар’ер. Яны сказалі, што назаўтра збіраюцца на стрэльбішча, і спыталі, ці я паеду з імі. Я пагадзіўся. Мы паехалі на дзень на стрэльбішча, пастралялі разам, а на наступны дзень ужо ехалі бранёю БМП у кірунку траншэяў, дзе я правёў рэшту вясны. Гэта быў вельмі добры досвед, бо людзі, якія ніколі не служылі, не зразумеюць, які гэта хуткі працэс – уліцца ў вайсковы калектыў.

Аўтамат з пазыўным Дэйвіда Сміта.
Фота: прыватны архіў

Нават калі ты не валодаеш мовай і спачатку трымаешся асобна, але калі таварыш, які размаўляе толькі па-беларуску, прыносіць табе кубак кавы, вы тут жа пасябравалі. Няма неабходнасці размаўляць на адной мове, у хуткім часе вы пачынаеце давяраць адно аднаму, думаць аднолькава. Таму першыя дні прайшлі цудоўна, я адчуваў, што мяне адразу ж прынялі, не ставіліся як да чужога. Хапіла таго факту, што я туды прыехаў. А праз некалькі тыдняў па-сапраўднаму пачаўся контрнаступ, і мы пачалі адваёўваць тэрыторыі ў кірунку Клішчыеўкі. У выніку мы яе ўзялі, што было пазітыўным досведам. Як я ўжо казаў, увесь мой жыццёвы досвед паказвае, што 21-гадовыя жаўнеры паўсюль аднолькавыя. Яны стомленыя, не заўсёды разумеюць, што адбываецца, але ім падабаецца рабіць сваю працу. І мне з імі было вельмі камфортна.

Што вы думаеце пра беларусаў, ці адчуваецца нейкае адрозненне характараў, псіхалогіі паміж украінцамі і беларусамі ва Украіне?

Так, я моцна гэта адчуваю, але праводзіць падзел варта яшчэ глыбей: на беларусаў, якія прыехалі ва Украіну, як я, з лютага 2022-га, але было і некалькі хлопцаў, якія там ужо шмат гадоў, пачынаючы з 2014–2016-га. І гэта тры асобныя групы. Для хлопцаў, якія там даўно, вайна не нешта новае, у адрозненне ад тых замежнікаў, што прыехалі ў лютым 2022-га. Іхны светапогляд адрозніваецца і ад тых беларусаў, хто з’явіўся пасля лютага 2022-га. Для тых усё ўпершыню, бальшыня раней не служыла, працавала айцішнікамі, мела звычайную працу. А беларусы, якія ваююць даўно, больш нагадваюць украінцаў: яны добра разумеюць, як ваюе расейская армія, разумеюць, што сітуацыя можа вельмі хутка змяніцца ў бок больш сур’ёзнай і пагрозлівай.

Ваяры
Беларусы паднялі ўкраінцаў у атаку сваім прыкладам
2024.02.19 10:45

У беларусаў, якія прыехалі на працягу апошніх двух гадоў, крыху іншая ментальнасць праз адсутнасць гэтага досведу. Яшчэ адно адрозненне: украінцы змагаюцца за сваё выжыванне і сваю краіну, беларусы ж маюць свядомасць таго, што для іх гэта толькі пачатак змагання. Яны таксама змагаюцца, каб вярнуць сабе сваю краіну, але гэта будзе даўжэйшае змаганне. Калі размаўляеш з імі, чуеш, што яны плануюць сваё жыццё, зыходзячы з таго, што гэтая барацьба будзе доўгая. То бок узровень іхнай адданасці надзвычай высокі. Украінскі таксама высокі, але ёсць псіхалагічная розніца, калі ўсведамляеш, што гэта толькі першая вайна, а будуць і яшчэ.

Вы маеце нейкія цікавыя ці забаўныя, смешныя здарэнні з таварышамі з палка Каліноўскага?

Так. Я нёс службу ў акопах у ваколіцах Клішчыеўкі з хлопцам, чыйго імя я публічна не назаву, але пабрацімы зразумеюць, пра каго ідзецца. Файны хлапец. Ён дастаткова ведаў англійскую, каб мы маглі перамаўляцца, і мы апынуліся разам. Нашае дзяжурства працягвалася 4 ці 5 дзён, дык вось у першую ж ноч я збіраўся вылезці з траншэі, каб пайсці ў прыбіральню. І тут аднекуль прыязджае танк і пачынае па нас страляць. Я, вядома, бягу і хаваюся назад у траншэю. Наступнае начы гісторыя паўтараецца: мы пілі гарбату і мне захацелася да ветру. Я вылажу з траншэі, каб пайсці ў прыбіральню. І зноў той танк пачынае нас абстрэльваць. І тут ён мне кажа, што мне забараняецца хадзіць у прыбіральню да канца тыдня, бо шторазу, калі я вылажу з траншэі, прыязджае гэты танк і па нас шмаляе. І гэта зрабілася папулярным жартам: маўляў, мы тут загінем усім аддзелам праз тое, што гэтаму канадцу захацелася адліць.

Маё апошняе пытанне: вы надалей верыце ў перамогу Украіны? Для нас, беларусаў, гэта таксама важна, бо мы не бачым магчымасці вызваліць Беларусь, узнавіць там дэмакратыю і наладзіць нармалёвае жыццё, калі Пуцін будзе акупаваць Украіну. Вы ж ведаеце, як гавораць каліноўцы: мы вызваляем Беларусь праз вызваленне Украіны. Вы думаеце, гэта магчыма?

Абсалютна. Таму я туды і вяртаюся. Я думаю, гэта не тое што магчыма, гэта неабходна. Мы мусім перамагчы. Скажу яшчэ і спадзяюся, што мае беларускія сябры ва Украіне не раззлуюцца на мяне за гэтыя словы. Але я таксама думаў раней, што Украіна мае перамагчы, каб вызвалілася Беларусь. А цяпер я пачынаю думаць, што, магчыма, і наадварот. У наступным годзе ў Беларусі выбары. Святлана Ціханоўская ўжо давяла, што беларусы, калі маюць шанец, адстойваюць вяршэнства закону і ўласную годнасць. Пуцін бачыць гэта і ў вайсковым сэнсе моцна залежыць ад тэрыторыі Беларусі, каб адтуль здзяйсняць напады.

Фільмы
Гітара і аўтаматы
2023.09.08 14:11

Калі вярнуцца ў 2020 год: быў бы тады іншы вынік і Святлана альбо ейны муж цяпер займалі б пасаду Лукашэнкі, я не думаю, што Пуцін здолеў бы здзейсніць гэты напад. Яны маглі б весці вайну на ўсходзе, на Данбасе, на поўдні з тэрыторыі Крыму, але яны не здолелі б атачыць Кіева з поўначы і даслаць калоны ў Кіеў. Таму, можа, спачатку Украіна, а пасля Беларусь, а можа, і наадварот. Калі ўтрымліваць здольнасць Расеі пагражаць Еўропе, то Беларусь – гэта ключавы элемент. Таму варта нагадваць беларусам, што Пуцін мае магчымасць пагражаць свабоднаму свету толькі таму, што ён пачуваецца ў іхнай краіне як у сябе ўдома. Калі ён выправіў сваё войска ў Беларусь на тры месяцы, нам варта было рыхтавацца да гэтага ўварвання. Кропка, у якой палітыка сустракаецца з ваеннаю стратэгіяй: а калі б нашыя палітыкі зразумелі ў 2020 годзе, што калі сыдзе Лукашэнка, то не будзе гэтай расейскай агрэсіі? Давайце ім гэта тлумачыць падобнымі словамі. Калі чытач навінаў гэта зразумее, ён не будзе рэагаваць так, што «вунь, чарговая рэвалюцыя ў далёкай краіне, я нават не ведаю, дзе гэта на мапе», але будзе ведаць, што гэта важна.

Дэйвідзе, у канцы хачу падзякаваць за тое, што прыехалі з іншага канца свету, каб бараніць Украіну поплеч з маймі суайчыннікамі і сябрамі, беларусамі, ваярамі, якія змагаюцца за Украіну. Як вы ведаеце, Канада таксама важная краіна для беларусаў, яна сталася другою радзімаю для шмат каго з іх, для эмігрантаў вось ужо сто гадоў як, і ў час Другой сусветнай вайны. Я ведаю беларусаў з Канады, якія падтрымліваюць полк Каліноўскага, напрыклад, ахвяраваннямі. Таму яшчэ раз дзякую і спадзяюся бачыць вас ізноў – у Варшаве ці ва Украіне.

Вядома. Дзякую.

belsat.eu

Стужка навінаў