Журналіст Асычэнка: У Марыупалі Пуціну было вельмі страшна


Кіраўнік «Марыупальскага тэлебачання» Мікалай Асычэнка ў эфіры «Вот Так» 19 сакавіка пракаментаваў візіт у акупаваны ўкраінскі горад Марыупаль прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Уладзімір Пуцін у Марыупалі.
Фота: Kremlin.ru

Мікалай Асычэнка пацвердзіў, што Пуцін сапраўды наведаў Марыупаль. Пры гэтым, на яго думку, зрабіў гэта абсалютна спантанна – у адказ на выдадзены Міжнародным крымінальным судом ордар на яго арышт, бо хацеў паказаць сябе «мужыком».

Пры гэтым журналіст мяркуе, што мясцовыя акупацыйныя ўлады не былі праінфармаваныя пра візіт і таму не прысутнічалі на сустрэчы з ім:

«Не верыць гэтым людзям агулам, іх не дапусцілі да гэтага цельца».

Замест гэтага Пуцін сустракаўся з «мацёрымі мясцовымі калабарантамі», якія «гатовыя цалаваць ногі чалавеку, які аддаваў загады па [знішчэнні. – рэд. Belsat.eu] Марыупалі». Пры гэтым сам новы мікрараён, у які прыехаў прэзідэнт РФ, пабудаваны ў месцах меркаванага наступу ЗСУ.

Паводле Асычэнкі, для Пуціна Марыупаль вельмі важны ў медыйным плане – «вітрына акупаванага ўкраінскага Данбасу, у якім яму вельмі некамфортна, вельмі страшна». У прыватнасці, ён звярнуў увагу на тое, што прэзідэнт РФ увесь час папраўляў бранекамізэльку і пацеў.

«Марыупаль важны для Пуціна як марскі порт, як калідор у Крым і як сімвал», – мяркуе журналіст.

І дадаў, што сваім візітам прэзідэнт РФ паказаў, што за горад «будуць змагацца да апошняга расейца».

А вось з Данецкам, у які Пуцін не прыехаў ні разу за дзевяць гадоў, «ён ужо нагуляўся», «яму на іх напляваць», заявіў Асычэнка. Ён не выключае, што Данецк можа быць здадзены войскамі РФ падчас наступнага наступу ЗСУ.

Hавiны
Не было зброі і ўраджаю. Пуцін распавёў, чаму не пачаў вайну з Украінай у 2014 годзе
2023.03.19 17:17

Паводле прэс-службы Крамля, Пуцін прыляцеў у Марыупаль на верталёце, «за рулём аўтамабіля ён аб’ехаў некалькі раёнаў гораду, агледзеў берагавую лінію ў раёне яхт-клубу, будынак тэатру, памятныя мясціны». «У мікрараёне Неўскі кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі. Па запрашэнні адной з семʼяў зайшоў да іх дадому», – сцвярджаецца ў прэс-рэлізе.

Дзяржаўныя агенцтва даюць вельмі сціплыя фота- і відэасправаздачы аб гэтым візіце. У адным з ролікаў Пуцін едзе на машыне па начным горадзе, прычым ракурс выбраны такі, што цяжка зразумець, дзе гэта наогул адбываецца. Потым Пуцін з’яўляецца ў нейкай залі са сцэнай і кафедрай. У іншым роліку паказаная нібыта выпадковая сустрэча Пуціна з нібыта выпадковымі мясцовымі жыхарамі, якія дзякавалі яму «за перамогу».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў