У Крамлі сцвярджаюць, што Пуцін наведаў акупаваны Марыупаль


Прэс-служба Крамля і расейскія дзяржаўныя медыі паведамляюць, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін здзейсніў першую паездку на захопленыя тэрыторыі Данбасу.

Уладзімір Пуцін у Марыупалі. Скрыншот з відэа izvestia / Telegram

Паводле прэс-службы расейскага лідара, Пуцін прыляцеў у Марыупаль на верталёце, «за рулём аўтамабіля ён абʼехаў некалькі раёнаў гораду, агледзеў берагавую лінію ў раёне яхт-клуба, будынак тэатру, памятныя мясціны». «У мікрараёне Неўскі кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі. Па запрашэнні адной з семʼяў зайшоў да іх дадому», – сцвярджаецца ў прэс-рэлізе.

Дзяржаўныя агенцтва даюць вельмі сціплыя фота- і відэасправаздачы аб гэтым візіце. У адным з ролікаў Пуцін едзе на машыне па начным горадзе, прычым ракурс выбраны такі, што цяжка зразумець, дзе гэта наогул адбываецца. Потым Пуцін з’яўляецца ў нейкай залі са сцэнай і кафедрай. У іншым роліку паказаная нібыта выпадковая сустрэча Пуціна з нібыта выпадковымі мясцовымі жыхарамі, якія дзякавалі яму «за перамогу».

Учора, 18 сакавіка, расейскі прэзідэнт наведаў анексаваны Крым.

Расейскае войска захапіла Марыупаль у траўні 2022 году пасля трохмесячнай асады. У выніку баявых дзеянняў было пашкоджана каля 90 % жылых будынкаў, што непазбежна мусіла прывесці да шматтысячных ахвяраў. Целы загінулых хавалі ў імправізаваных індывідуальных і брацкіх магілах у дварах, на вуліцах і ў парках, а таксама ў кінутых дамах і кватэрах.  Украінскія ўлады сцвярджаюць, што падчас асады загінулі больш за 20 тысяч мірных жыхароў. Акрамя таго, праз гуманітарную катастрофу ў разбураным горадзе рэзка вырасла колькасць негвалтоўных смерцяў.

Hавiны
«Ён відавочна здзейсніў ваенныя злачынствы». Байдэн выказаўся пра ордар на арышт Пуціна
2023.03.18 11:49

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў