У Варшаве адкрылася выстава палітычна рэпрэсаваных беларускіх мастакоў


Нехта з іх удзельнічаў у мітынгах і прайшоў праз содні арыштаў, хтосьці быў рэпрэсаваны за ўласную творчасць, якая не спадабалася рэжыму Лукашэнкі, нехта – наогул асуджаны на вялікі тэрмін і ўсцяж сядзіць за кратамі: працы 17 беларускіх творцаў, аб’яднаных сваёй неаабыякавасць да лёсу ўласнай краіны, прадставілі ў Варшаўскім Музеі вольнай Беларусі.

Выстава рэпрэсаваных беларускіх мастакоў у Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 8 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

За што?

Свае гісторыі на выставе мастакі распавядаюць самі. Не толькі з дапамогай мастацтва – кожнага з іх папрасілі запісаць свой шлях у эміграцыю на паперы. За кагосьці, хто не здолеў зрабіць гэтага сам – яго гісторыю напісалі арганізатары выставы. Часам, гэтыя гісторыі здзіўляюць абсурднасцю дзеянняў уладаў і несправядлівасцю. Калі, канешне, беларусаў яшчэ чымсьці можна здзівіць. Вось некалькі з іх:

«8 лістапада 2020 я ехаў на ровары па практычна пустой вуліцы. Мяне абагналі два буса, выскачылі ў балаклавах, узялі ў паўкола, не было куды падзецца. Потым заламалі, кінулі ў аўтобус на каленцы, на рукі – сцяжку. Даставілі ў Кастрычніцкі РАУС Менску. Гадзін да 2 начы «афармленне» у РАУС, потым этапавалі ў Жодзіна. 9.11 – 10.11 – Жодзінская турма. Увечары 10-га этапаванне ў Менск. 11.11 – 12.11 – Менск, Акрэсціна (ІЧУ+ЦІП). 11 лістапада на 75 гадзіне пасля затрымання адбыўся «суд». На пытанне, чаму я ўсцяж тут, а не дома, суддзя адказаў, што «мы не паспяваем». Вердыкт – 14 содняў за ўдзел у мітынгу: з БЧБ-сцягам вёў за сабой натоўп з некалькіх сотняў чалавек і выкрыкваў антыўрадавыя лозунгі. Раніцай 12-га адправілі ў Баранавічы. 12.11 – 22.11 – Баранавіцкая турма. Вярнуўся, як і ўсе, з кавідам. Усяму гэтаму даў назву «Лістападаўскі тур у падтрымку артыкула 23.34». Сваімі «прыгодамі» дзяліўся ў сацсетках, суправаджаючы сваімі ж постарамі, якія таксама рабіў і да іншых падзеяў, якія адбываліся ў краіне. Раніцай 18 сакавіка 2021 г. пагрукалі ў дзверы грамадзяне ў цывільным, але з дакументамі. Прыйшлі ўжо з крымінальнай справай. Не адчыніў. Адключылі электрычнасць, пачалі выломваць дзверы. Цягам некалькіх хвілінаў стэлефанаваўся з сябрамі, апрануўся з улікам турэмных акалічнасцяў, на спіну «турэмны» заплечнік (быў сабраны) і выскачыў у вакно. У ста метрах ад дому ўжо чакала машына. Ноччу 19-га вярнуўся дадому. Апынулася, што ёсць адкрытая віза, калега па сваёй картцы купіў квіток. Каля 15:00 19 сакавіка прызямліўся ў Варшаве».

Фота: Белсат

«Удзельнічаў ува ўсіх мітынгах кожны дзень з першага дня выбараў і далей. Быў затрыманы на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў. Атрымаў штраф 25 базавых. Да канца верасня заставаўся ў Беларусі, але зʼявіліся публікацыі ў праўладных тэлеграм-каналах пра тое, як я ў ноч з 9 і 10 жніўня 2020 года стаяў у счэпцы. Была небяспека затрымання, таму і з’ехаў у Львоў. Праз тры месяцы вярнуўся, паколькі было «спакойна». Але напачатку 2022 пачалася справа «Аховы птушак Бацькаўшчыны». ГУБАЗіК узяў мае працы і допісы з Інстаграму і далучыў да справы АПБ. За мной пачалі сачыць, а 10 лютага 2022 года выклікалі на допыт у КДБ. У гэты ж дзень я з’ехаў ва Украіну».

Фота: Белсат

«Мне 19 гадоў, я пераехала ў Менск, вучылася ва ўніверсітэце, цікавілася актывізмам і спазнавала сябе, а потым прыйшлі выбары… У тым жа годзе мяне затрымалі па «справе студэнтаў» і адпусцілі ўжо па выхадзе сканчэнні тэрміна пакарання або, калі простымі словамі, праз 2 гады. Мне ўсё яшчэ складана асэнсоўваць гэтую лічбу, складана зразумець, што зараз мне 21, а не 19, што не магу вярнуцца дадому і што яшчэ вельмі шмат людзей знаходзяцца в гэтую хвіліну за кратамі ва ўмовах на мяжы паміж чалавечым і жывёльным. Усе гэтыя малюнкі зробленыя за сценамі і нясуць у сабе не столькі мастацкую вартасць, колькі сумесь з замунёнасці, тугі і цыгарэтнага дыму. У кожнага свая перадгісторыя і паслягісторыя. Дзякуючы ім я памятаю дэталі, пахі і людзей. Памятаю тое, што астатнія хочуць забыць».

Фота: Белсат

«Мне 32 гады. Па адукацыі – архітэктар. Як і многія вольныя беларусы пасля ўдзелу ў маршах 2020 г. быў затрыманы і незаконна асуджаны. Я меў гонар адбыць 16 сутак паводле артыкула 23.34 у СІЗА № 6  Баранавічаў. Удзельнічаў у вулічных пратэстах у падтрымку пенсіянераў, быў незаконна аштрафаваны і пазбаўлены правоў кіроўцы на год. Быў асабіста знаёмы і раней працаваў у сферы архітэктуры з Іванам Краўцовым, таму пасля яго вымушанага ад’езду ва Украіну праходзіў допыты і паліграф у ДФР Менску па выдуманай справе «аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».

Мастачка Аляксандра Канафальская.
Фота: Белсат

«Так атрымалася, што напачатку нашых пратэстаў у жніўні 2020 я працавала па роспісу царквы ў Ратамцы. На гэтым аб’екце я працавала з 2015 года. Зрэшты гэта была замова святара, пісаць беларускую ікону. Трэба было працягваць традыцыі. Атрымалася вельмі прыгожа: і віленскі куток з Вострабрамскай, і святыя новапакутнікі. Пасля пратэстаў 2021 года была створаная камісія, якая прызнала нашу дзейнасць экстрэмісцкай. Знайшліся ілжэсведкі на святара і на мяне. Праца спынілася, я з’ехала, бо з’явілася адчуванне, што за мной сочаць, таму што больш не было за кім – у нас не шмат суседзяў. У паштовай скрыні суседзі знайшлі ліст, дзе пабачылі, што выклікаюць у Следчы камітэт, але з якой нагоды – не было зразумела. Дачку адлічылі з гімназіі, бо яна хадзіла ўвесь час з белым бранзалетам. Я з’ехала. Мой сын быў адлічаны з універсітэту яшчэ раней за мяне. Першы раз яго затрымлівалі ў ліпені, але тады яшчэ адпускалі. Другі раз затрымалі на пратэстах. Але зноў пашанцавала – ранкам адпусцілі. Па праграме Каліноўскага сын пераехаў у Варшаву на год раней. Ён быў незалежным назіральнікам, а пасля падаў у суд на камісію. Такім чынам мы засталіся сам насам са сваім чыстым сумленнем, але ў новай краіне. Давялося пачынаць усё з самага пачатку. Мастаку вельмі істотна мець напрацаванае імя, бо калі ёсць ужо рэпутацыя, то ў цябе і замовяць працу, і ўсё ж такі гэтая праца будзе на карысць сваёй дзяржавы, для яе гонару і пашаны. Для таго, каб мая дачка працягвала вучыцца ў дзясятым класе, я ўвесь год пісала ікону ў капліцу пры ліцэі, бо грошаў аплочваць гімназію ў мяне не было. Пасля майго ад’езду з Беларусі прайшлі без мяне ўжо дзве запланаваныя раней выставы. Куратары вырашылі не адмяняць іх. Выставы адбыліся ў Заслаў’і і ў зачыненай цяпер прасторы «Корпус». У мяне былі свае вучні ў прыватнай майстроўні «Сяброўства аленя і зайца, цмока і акулы». На жаль, заняткі спыніліся. Мая галоўная спецыялізацыя была – беларуская ікона, цяпер мне недасяжныя архівы і галоўнае – гэта Музей пры інстытуце фальклору і этнаграфіі Беларускай акадэміі навук. Там шмат ікон, якія захоўваюцца і рэстаўруюцца нашымі мастакамі. Крыніца бескаштоўная, але цяпер недасяжная для мяне».

Фота: Белсат
Палітык Павел Латушка у Музеі вольнай Беларусі.
Фота: Белсат
Мастачка Воля Шніп.
Фота: Белсат
Фота: Белсат

Надзея Бука, Эдвард Качан, Аляксандра Канафальская, Антось Радзівонаў, Уладзіслаў Макавецкі, Таццяна Савіч, Віктар Сяргей, Кася Буцько, Воля Шніп, Зміцер Шапавалаў, Міхась Чыбоўскі, Яна Арабейка, Ірына Хвайніцкая, Ксіша Анёлава, Яўген Надтачэй, Міхась Мішук, Павел Севярынец – працы ўсіх гэтых мастакоў можна ўбачыць, а некаторыя нават набыць, на выставе. І хочацца спадзявацца, што яна будзе мець працяг і кожная з гісторый рэпрэсаваных беларусаў скончыцца шчаслівым вяртаннем на радзіму.

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў