Цягнікі паміж Беларуссю і Украінай больш не ходзяць


Чыгуначных зносін паміж Беларуссю і Украінай больш няма, заявіў кіраўнік праўлення «Укрзалізниця» Аляксандр Камышын у эфіры «Настоящего времени».

Падчас эфіру Камышын сказаў, што «падзяку за гэта трэба сказаць шчырым беларускім чыгуначнікам», аднак ніякіх падрабязнасцяў не паведаміў:

«Я нядаўна звяртаўся з заклікам да беларускіх чыгуначнікаў не выконваць злачынныя загады і не весці расейскія вайсковыя эшалоны ў бок Украіны. Я сённяшні дзень я магу сказаць вам, што чыгуначных зносін паміж Украінай і Беларуссю няма. Я не буду ўдакладняць дэталі, але я ўдзячны беларускім чыгуначнікам за тое, што яны робяць».

Таксама ён паведаміў, што цяпер расейская вайсковая тэхніка не зможа больш праехаць па беларускай чыгунцы.

«Я веру ў тое, што сярод беларусаў, а асабліва сярод беларускіх чыгуначнікаў, яшчэ засталіся сумленныя людзі, і я не хацеў бы іх падстаўляць. Я ўдзячны за тое, што адбываецца на сённяшні дзень у асяроддзі чыгуначнікаў Беларусі. Вы бачыце і чуеце паведамленні напэўна гэтак жа, як і ўся краіна. І я ўпэўнены, што сумленныя людзі ў гэтай арганізацыі здолеюць спыніць працу чыгунак Беларусі па накіраванні перавозак ваенных эшалонаў у бок Украіны», – заявіў ён.

На днях у Беларусі на дарадцу Офісу прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча завялі крымінальную справу за «заклікі да здзяйснення актаў тэрарызму». Арастовіч выпусціў відэазварот, у якім заклікаў беларусаў і ўкраінцаў перашкодзіць расейскім войскам перамяшчаць тэхніку па чыгунцы.

У адказ на крымінальную справу ён напісаў на сваёй старонцы ў Instagram: «Я сказаў – «толькі тыя шляхі, па якіх рухаюцца рускія войскі». І проста дадаў – не чапайце астатнія. Гэта заклік да акта вайны, а не да тэрарызму. А між іншым, Беларусь бярэ ўдзел у ваеннай агрэсіі супраць Украіны […] Такім чынам, мае заклікі з’яўляюцца абсалютна законнымі з пункту гледжання міжнароднага права».

АД belsat.eu

Стужка навінаў