«Людзі – у апакаліптычных умовах». Еўракамісія папярэдзіла пра пагрозу голаду ва Украіне


Еўрапейская камісія ў сувязі з баявымі дзеяннямі ва Украіне папярэдзіла аб пагрозе голаду ў гэтай краіне. Пра гэта заявіў еўракамісар у справах урэгулявання крызісаў і гуманітарнай дапамогі Янэз Лэнарчыч у інтэрв’ю выданню welt.de.

Пашкоджаныя жылыя будынкі ў выніку абстрэлу ў Падольскім раёне ўкраінскай сталіцы. Прынамсі 1 асоба была забітая і 19 атрымалі раненні. Кіеў, Украіна. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: МБ / Белсат

«Людзі ў абложаных гарадах перабываюць у апакаліптычных умовах: няма ежы, няма вады, няма медычнай дапамогі і няма выйсця», – заявіў Янэз Лэнарчыч.

Са словаў еўракамісара, гуманітарны крызіс ва Украіне ўжо дасягнуў крытычнага пункту, але сітуацыя можа пагоршыцца.

«Гэтае бязлітаснае ўварванне пачалося больш за тры тыдні таму, але мы пачынаем ужо бачыць, што набліжаецца голад», – сказаў камісар ЕЗ. Зазначыў, што ад голаду пакутуе насельніцтва Марыупалю і што відавочцы паведамляюць пра разрабаваныя супермаркеты ў горадзе.

Янэз Лэнарчыч паведаміў, што медычныя ўстановы сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі пры атрыманні жыццёва неабходных тавараў. «Каласальная праблема – гэта доступ. Даванне гуманітарнага доступу без якіх-кольвек перашкодаў – гэта абавязак», – сказаў ён. Дадаў, што Еўракамісія пашырае гуманітарную дапамогу, але пакуль працягваюцца баявыя дзеянні, дапамагчы людзям, якія маюць такую патрэбу, немагчыма.

Славацкі палітык заклікаў Расею выконваць свае абавязкі ў міжнародным гуманітарным праве і неадкладна спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне.

Hавiны
ААН: Больш за 23 % украінцаў пакінулі свае дамы праз уцёкі ад вайны
2022.03.19 08:45

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў