«Ад некалькіх чалавек на асобных станцыях да некалькіх сотняў». Як жывуць і працуюць у кіеўскім метро


На адной са станцыяў кіеўскага метро (не называем з мэтаў бяспекі) жыве і працуе Аляксей Кабзар, журналіст-аналітык ICTV. Ці не адзіны журналіст са свайго тэлеканалу, які перайшоў на дыстанцыйную працу, але не пакінуў гораду.

Мы пагутарылі з Аляксеем аб працы ў метро ды атмасферы ва ўкраінскай сталіцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Станцыя метро «Палац «Украіна». Кіеў, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

– Як выглядае жыццё ў сховішчы падчас вайны?

– У нашай гэтак званай кібітцы жывуць шэсць чалавек, у тым ліку дзіця. У першыя некалькі дзён, калі тут яблыку не было дзе ўпасці, адзін з хлопчыкаў з дому, як я разумею, прынёс белае палатно, якое расцягнуў на інфармацыйным стэндзе станцыі метро, і партатыўны праектар, які працуе аўтаномна, на батарэях, ды паказваў тры вечары запар дзецям мультфільмы. Тут дзеіць правіла Аляксандра Дзюма: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Падтрымліваем як можам адно аднаго.

Што да харчавання, то тут ніхто не гатуе. Па-першае, няма ўмоваў. Таму ўжываюць альбо сухія пайкі, альбо ходзім дадому. На нашай станцыі людзі не жывуць бязвылазна. Не а 7:00 адразу выходзяць, калі каменданцкая гадзіна заканчваецца, людзі ў такі час яшчэ спяць, але бліжэй да 9-й, калі прыязджае першы цягнік метро. Дадому адлучаемся па чарзе, каб займацца нейкімі сваймі справамі, рабіць гігіенічныя працэдуры. І заўсёды тут з кожнай малой ці вялікай суполкі хтосьці застаецца. Бо мы сюды пераехалі, як думаем, на даволі працяглы час, і рэчаў шмат наносілі. А пастаянна туды-сюды іх за сабою цягаць ніхто не будзе. Напрыклад, цяпер я дзяжурны, сачу за нашаю зонаю, за нашаю «кватэраю». Дык вось, калі мы ходзім дадому пазменна, то альбо гатуем штосьці там і прыносім, альбо бяром сухі паёк, якога кожны багата назапасіў, пакуль была такая магчымасць. Гэта ўсялякія кансерваваныя рэчы, паштэты, тушонкі. Спачатку хапала на трохразовае харчаванне, але ў канцы першага тыдня ежу нам пачалі прыносіць валанцёры. Мы ў першы час удзячна адмаўляліся, бо былі ўпэўненыя, што можам сабе дазволіць пайсці нешта купіць у супермаркетах ці з дому ўзяць ужо прыгатаванае. Але прадуктаў было настолькі шмат, што мы разумелі: калі не будзем браць, то харчы проста будуць псавацца і выкідвацца. У найлепшым выпадку – аддавацца вулічным ці свойскім жывёлінам. І мы самі меней пачалі гатаваць, але браць ежу, якую прыносяць валанцёры.

Фота: МП / Белсат

Тут ёсць людзі, якіх я, можа быць, не назваў бы бяздомнікамі, але іхны невысокі сацыяльны статус відавочны. Хаця з імі ніколі няма праблемаў. Яны заўсёды дапамагаюць, заўсёды спагадлівыя, ветлівыя. Спачатку спалі проста на падлозе. Потым пачалі прыносіць сюды дыванкі, коўдры. Цяпер у іх нават намёт з’явіўся.

Тут даволі прахалодна. Асабліва, калі спіш. Ад 10 да 14 градусаў у залежнасці ад надвор’я наверсе. І мы ўжо вырашылі завешваць поліэтыленам праходы. Бо дзьмуць скразнякі з тунэляў, дый гоніць паветра цягнік, калі набліжаецца. І хоць на пару градусаў, але стала цяплей. Мне пашчасціла мець спальны мяшок, людзі прыносяць коўдры, паліто, цёплыя курткі, футра. Здараецца, выкарыстоўваюць надзіманыя альбо звычайныя артапедычныя матрацы. Розныя пледы. Каб і мякчэй было, і ўсё ж такі менш мёрзла знізу. Хтосьці прыносіць намёты, цяпер іх тут два. На трэці дзень прачнуўся ў крыху хваравітым стане. Зразумелі, што без гарачай гарбаты тут можа быць кепска. Прынеслі з дому невялікія імбрыкі, гатуем гарачыя напоі – гарбату, каву – усім ахвочым. Хоць тут гэтых імбрыкаў цяпер ужо дастатковая колькасць. Разеткі ёсць. Іх няшмат. Але ўсе папрыносілі падаўжальнікі, пераноскі – і электрычнасці для патрэбаў людзей стае. Валанцёры ўвесь час змяняюцца. Сёння былі хлопцы і дзяўчаты з нейкай рэлігійнай арганізацыі. Яны прынеслі свае запасы, параздавалі ўсім па малітвачцы і пайшлі.

Фота
Метро – мой дом. Як харкаўцы абжываюцца пад зямлёй
2022.03.05 17:41

З нейкіх гігіенічных памяшканняў – дастаткова ўжо, што тут ёсць прыбіральні. Няхай не занадта тульныя, калі так можна сказаць, але не самыя кепскія грамадскія памяшканні, падобныя да школьных прыбіральняў савецкага перыяду. Галоўнае, што яны абсталяваныя бойлерам. То бок ёсць гарачая вада: можна і рукі памыць і посуд, і нават нешта невялікае папраць. Калі хтосьці жыве блізка, як я, дзе хвіліны прайсці ад станцыі, гэта ўсё робіць, зразумела ўдома. Каб не ствараць чаргі.

На іншай станцыі цэнтральнай галінкі кіеўскага метро, як я ведаю, людзі ходзяць умывацца ў найбліжэйшы гостэл і плоцяць за гэта 50 грыўняў (няпоўныя 2 долары).

Фота: МП / Белсат

– А чым яшчэ займаюцца тут?

– Удзень людзей значна меншае, а ўвечары – хто чым. У нас ёсць тэлевізар, абавязкова глядзяцца навіны са зводкамі з фронту, не прапускаецца ніводная самая важная заява прэзідэнта, ягонай каманды. Дадаткова чытаем навіны ў інтэрнэце. Разам таксама глядзім фільмы, людзі бавяцца ў настольныя гульні. Часам мы і самі ходзім валанцёрыць. Дапамагаем ля крамаў разладоўваць машыны з харчамі (бо людзей вельмі не стае: хтосьці з’ехаў з гораду, хтосьці на фронце). Акрамя валанцёрства ў супермаркеце дапамагаем разладоўваць вагоны з «гуманітаркаю». Без справы не сядзім ніколі. Таксама мы стараемся нават адсюль пашыраць дыяпазон распаўсюду інфармацыі, перакладаем на англійскую матэрыялы ўкраінскага тэлебачання, у тым ліку і таго, дзе я працую, субцітруем на англійскай і праз YouTube распаўсюджваем, каб ахапіць большую аўдыторыю, каб як мага больш людзей у свеце даведалася адсюль, ссярэдзіны, пра тое, што насамрэч у нас адбываецца.

– Як змянілася праца метро з пачатку вайны?

– Цягнікі ходзяць значна радзей і паводле кардынальна змененага графіку, спыняюцца не на ўсіх станцыях. Толькі з 9:00 цягнікі рухаюцца з інтэрвалам на гадзіну. Калі ў першыя дні вайны склад запаўняўся вельмі слаба (на пяць вагонаў набіралася, можа, чалавек 50), то цяпер ужо ў дзесяць разоў больш. Відаць, што горад ажывае патроху, і вайна, як бы гэта страшна ні гучала, робіцца звыклаю. Людзі ўсё больш актыўна перасоўваюцца. Адкрываюцца дадатковыя крамы з тых, што былі недасяжныя з пачатку вайны, адчыняюцца кавярні. То бок адчуванне рэальнасці для побыту менавіта ў такіх умовах вяртаецца.

Фота: МП / Белсат

– Не будзем называць станцыі, але ж вашая не адзіная, дзе жывуць кіяўляне?

– З усіх станцыяў кіеўскага метрапалітэну 46 (гэта афіцыйная інфармацыя) дастаткова глыбокія і могуць бяспечна прымаць людзей. Гэтыя станцыі былі пабудаваныя да 1991 года паводле стандартаў. Абсталяваныя гермазатворамі (герметычныя дзверы, здольныя не прапускаць ваду, паветра, газы, радыеактыўны пыл, вытрымліваюць уздзеянне выбуховай хвалі і здольныя папярэдзіць затапленне станцыяў) ды могуць быць выкарыстаныя як сховішча. Наколькі мне вядома, усюды жывуць людзі. Ад некалькіх чалавек на асобных станцыях, да некалькіх сотняў на іншых.

– А як там з інтэрнэтам?

– Я для працы і прагляду навінаў карыстаюся мабільным інтэрнэтам. Была інфармацыя тыдзень таму, што будуць праводзіць ўай-фай і ў бамбасховішчы. Да гэтага часу былі падлучаныя больш за 270 бамбасховішчаў. Што менавіта стала на час вайны ім лічыцца, не магу сказаць, але прынамсі на нашай станцыі ўай-фаю пакуль няма. У мяне 4G-сетка. Праўда, я ніколі ў сваім жыцці столькі, як цяпер, не выкарыстоўваў трафіку – па паўтара гігабайты за дзень. Усё даволі надзейна. Пагатоў нашыя мабільныя аператары заявілі, што ўвялі ўнутраны бясплатны роўмінг. То бок, калі раптам з нейкай прычыны ў асобнай частцы краіны ці гораду знікае сетка аднаго з мабільных аператараў, але дасяжная ад іншага, можна абсалютна бясплатна на ўмовах свайго тарыфу перападлучыцца. Працую, запісваю інтэрв’ю, мантую, раздаўшы інтэрнэт на ноўтбук, запісваю свае падводы, стэндапы на камеру. Акрамя асноўнай працы, яшчэ мы тут запусцілі TikTok-канал з развейваннем міфаў расейскай прапаганды. Праца не перарываецца ні на дзень.

– Як навучаюцца дзеці школьнага ўзросту?

– Напярэдадні ў Кіеве, хоць і онлайн, але ўпершыню пасля пачатку вайны запрацавалі школы. І дзеці зноў падключыліся да навучання. Гэта вельмі добры знак! Шчыра верым, што мірнае жыццё вернецца неўзабаве!

Парады
Як дапамагчы ўцекачам з Украіны, якія прыбылі ў Беларусь?
2022.03.19 18:19

Гутарыў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў