За год праз «камісію па вяртанні» ў Беларусь прыехала «каля 10 чалавек»


З пачатку стварэння «камісіі па вяртанні» ў яе звярнуліся 150 разоў. 37 заявак адпавядалі параметрам, якія патрабавалі ўлады, а «каля дзесяці чалавек» прыехалі ў Беларусь, сцвярджае генпракурор Андрэй Швед.

Генпракурор Андрэй Швед у будынку Дома ўраду 19 лютага. Скрыншот: Белсат

«З ліку тых, хто вярнуўся на радзіму, пяць-шэсць чалавек добраахвотна расказалі пра тыя ўмовы, у якіх яны пражывалі за мяжой, і дзякуюць за магчымасць вярнуцца ў Беларусь», – кажа Швед.

Першапачаткова камісія абвясціла, што прымае заяўкі да канца 2023 года, але працягнула працу. Паводле Шведа, у гэтым годзе туды падалі 12 заявак.

Праваабаронцы засцерагаюць, што вяртанне дадому праз камісію – гэта вельмі небяспечна.

«Нагадаем, праваабаронцам вядомыя як мінімум тры выпадкі, калі, нягледзячы на «дамоўленасці», супраць людзей узбуджаюць крымінальныя справы пасля вяртання», – піша «Вясна».

Агулам за 2023 год сілавікі затрымалі мінімум 207 асобаў, якія вярнуліся ў Беларусь з-за мяжы.

«Камісія па вяртанні», або «камісія па разглядзе зваротаў грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, у пытаннях учыненых імі злачынстваў», была створаная ў лютым 2023 года. Вырашаць, ці прымаць беларусаў на радзіме, прызначаныя заўзятыя прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. Сярод іх – сілавікі, Рыгор Азаронак, Іван Эйсмант, Вадзім Гігін, Дзмітрый Баскаў і іншыя.

Аб’ектыў
Камісія для вяртання 2.0: рэжым чакае заявак да канца 2024 года
2024.01.27 21:44

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў