Каля 1600 грузавікоў чакаюць выезду з Польшчы ў Беларусь


З раніцы 19 лютага каля 1600 грузавікоў чакаюць выезду з Польшчы праз памежны пераход у Карошчыне, які з мінулай пятніцы з’яўляецца адзіным дзеючым грузавым пераходам з Беларуссю, паведамляе PAP.

Прэс-сакратар Палаты падатковай адміністрацыі ў Любліне Міхал Дэрус паведаміў, што ў нядзелю, 19 лютага, каля 140 грузавікоў чакаюць уезду ў Польшчу праз памежны пераход у Карошчыне (з беларускага боку гэта пераход «Казловічы»), час чакання складае шэсць гадзін. Аднак на выездзе з Польшчы ў Беларусь у чарзе стаіць каля 1600 транспартных сродкаў, час чакання – 63 гадзіны.

Час чакання на выезд з Польшчы на польска-беларускай мяжы. Актуальна на 15:00 па менскім часе 19 лютага 2023 года. Скрыншот з сайту: granica.gov.pl

За апошнюю 12-гадзінную змену, дадаў Дэрус, у Польшчу ўехала 290 грузавікоў, а выехала 312. Праз пераход у Тэрэспалі ў Польшчу ўехалі 253 легкавыя і 27 аўтобусаў, у Беларусь выехалі 423 легкавыя і 38 аўтобусаў.

Як паведаміў прэс-сакратар Люблінскага УУС, праверкі на выездзе з Польшчы ў Беларусь праз памежны пераход у Тэрэспалі адбываюцца пастаянна. У трохгадзіннай чарзе на ўезд у Польшчу чакаюць каля 190 легкавых аўтамабіляў.

Раней беларускія ўлады ў адказ на закрыццё польскім бокам пераходу ў Баброўніках заяўлялі, што рух грузавых аўтамабіляў і цягачоў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Польшча, цяпер будзе ажыццяўляцца толькі праз беларуска-польскі ўчастак Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.

Як адзначаецца ў заяве, «пастанова Урада прынятая ў сувязі з закрыццём польскім бокам з 10 лютага 2023 года аўтадарожнага пункта пропуску «Баброўнікі» (сумежны беларускі «Бераставіца»)».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў