Анджэй Дуда лічыць, што ад рэжыму Лукашэнкі можна чакаць чаго заўгодна


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрвʼю ўкраінскай журналістцы Наталлі Масейчук распавёў пра стаўленне Варшавы да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і ацаніў імавернасць уступлення Беларусі ў вайну.

«Шчыра кажучы, мы ўжо гатовы чакаць ад беларускага боку чаго заўгодна. Гэта рэжым, які мы фактычна не прызнаём у палітычным сэнсе. Мы лічым, што выбары былі сфальсіфікаваныя, што вынік абсалютна не адлюстроўвае таго, хто там сёння ва ўладзе. Мы лічым, што там улада ўзурпаваная, і таму мы яе не прызнаём. Больш за тое, гэта ўлада, якая пераследуе сваіх грамадзян, – гэта не выклікае ні ў кога ніякіх сумневаў», – заявіў прэзідэнт Польшчы.

Анджэй Дуда згадаў нядаўні вырак журналісту Анджэю Пачобуту. Паводле прэзідэнта, гэта прыклад відавочнага парушэння ўсіх міжнародных нормаў і прынцыпаў.

«Гэта дэманстрацыя таго, што мы маем справу з рэжымам, які кантралюе суды, дзе судовыя рашэнні прымаюцца па ўказцы ўладаў і дзе адбываецца вялікая несправядлівасць у адносінах да звычайных грамадзян.

Сёння ўжо ні ў каго няма сумневаў у тым, што ў сучаснай Беларусі мы маем справу з рэжымам, ад якога дэ-факта можна чакаць чаго заўгодна», – падкрэсліў польскі лідар.

Разам з тым, Дуда мяркуе, што Лукашэнка «гуляе ў сваю гульню» з Крамлём і спрабуе пазбегнуць уцягвання беларускай арміі ў вайну супраць Украіны.

«Па-першае, гэта б азначала гібель для многіх беларусаў, якія не маюць баявога досведу, дрэнна ўзброены, і раптам будуць вымушаны сутыкнуцца з украінцамі, якія ваююць ужо шмат гадоў і вельмі рашуча настроены абараняць сваю бацькаўшчыну. Па-другое, беларусы – не ваяўнічая нацыя, беларусы не хочуць ваяваць. Таму іх прыйшлося б прымусіць ісці вайной супраць сваіх украінскіх суседзяў.

Лукашэнка вельмі добра ведае, што гэта будзе яго канец. Таму што [беларуская] нацыя, на маю думку, пойдзе супраць яго самога ў поўным складзе. Сітуацыя можа стаць для яго абсалютна некантралюемай.

Сёння ён можа кантраляваць сітуацыю, у тым ліку з дапамогай тэрору, прымушаючы да пакоры, засуджваючы пратэстоўцаў і тых, хто выступае супраць яго, да шматгадовых тэрмінаў зняволення. Але ўсяго гэтага можа аказацца недастаткова, калі ён прымусіць людзей ісці і праліваць кроў за справу, якую яны лічаць ганебнай», – падкрэсліў Анджэй Дуда.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў