«Мы не можам дазволіць Расеі думаць, што яна пераможа». Макрон заклікаў вырабляць больш зброі для Украіны


Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон падчас выступу перад французскімі вайскоўцамі ў пятніцу 19 студзеня заклікаў абаронную прамысловасць краіны нарошчваць вытворчасць, каб Еўропа магла павялічыць пастаўкі зброі ва Украіну.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон падчас выступу перад вайскоўцамі. 19 студзеня 2024 года. Шэрбур-Актэвіль, Францыя.
Фота: POOL / Reuters / Forum

«Мы павінны ўзмацніць распачатую трансфармацыю, каб хутчэй рэагаваць на патрэбы Украіны ў вайне супраць Расеі. Мы не можам дазволіць Расеі думаць, што яна пераможа. <…>. Мы больш ніколі не павінны задавольвацца тэрмінамі вытворчасці, якія расцягваюцца на некалькі гадоў», – заявіў Макрон.

Паводле прэзідэнта Францыі, «перамога Расеі будзе азначаць канец еўрапейскай бяспекі».

Ад абаронных прадпрыемстваў чакаецца павелічэнне хуткасці і аб’ёмаў вытворчасці, а таксама ўкараненне інавацыяў.

Еўразвяз абяцаў Кіеву паставіць мільён снарадаў да пачатку 2024 года, аднак пакуль што, па дадзеных Еўрапарламенту, пастаўлена толькі 300 тысяч.

Агляд
Расея і Украіна абмяняліся атакамі беспілотнікамі, Мядзведзеў скарыстаўся рыторыкай нацыстаў
2024.01.18 11:46

Летась Францыя прыняла ваенны бюджэт на 2024-2030 гады ў памеры 413 мільярдаў еўраў. Упершыню за апошнія дзесяцігоддзі краіна закладае такую суму на ваенныя расходы, раней бюджэты былі значна меншыя.

У чацвер 18 студзеня Макрон пагутарыў па тэлефоне з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Рыхтуецца візіт французскага лідара ў Кіеў. Таксама Зяленскі і Макрон дамовіліся паскорыць падрыхтоўку да падпісання дзвюхбаковай дамовы аб бяспецы.

Францыя прадставіла Украіне самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Цэзар» і стварыла фонд у памеры 200 мільёнаў еўраў, каб Украіна магла набываць абсталяванне наўпрост у французскіх вытворцаў.

Агляд
Што адбываецца з мабілізацыяй ва Украіне: калі і колькі прызавуць, ці прызавуць жанчын?
2024.01.19 18:08

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў