Такаеў распусціў парламент Казахстану і прызначыў надзвычайныя выбары дэпутатаў


Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў датэрмінова спыніў паўнамоцтвы дэпутатаў Мэжыйлійсу (парламенту) і мэсліхатаў (мясцовых радаў). Пра гэта гаворыцца ў заяве на афіцыйным сайце.

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў. Фота з афіцыйнага сайта: akorda.kz

Паводле заявы, прэзідэнт Казахстану падпісаў дэкрэты наконт скасавання Мэжыйлійсу і ранейшага спынення паўнамоцтваў мэсліхатаў. Надзвычайныя выбары дэпутатаў Мэжыйлійсу адбудуцца 19 сакавіка 2023 года. А выбары дэпутатаў мэсліхатаў на ўсіх узроўнях будуць прызначаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй Казахстану.

«У мінулым годзе ў сваім вераснёўскім паведамленні я адкрыта прапанаваў правесці выбары ў Мэжыйлійс і мэсліхаты ў першай палове гэтага года. Такім чынам, перыяд з даты публікацыі гэтай ініцыятывы да дня галасавання складзе больш за шэсць месяцаў. За гады незалежнасці кандыдаты і палітычныя партыі ніколі не мелі так шмат часу, каб падрыхтавацца да выбарчай кампаніі», – гаворыцца ў заяве Такаева.

Ён таксама патлумачыў, што правядзенне надзвычайных выбараў у Мэжыйлійс і мэсліхаты «прадыктаванае логікай канстытуцыйнай рэформы пры падтрыманні грамадзянаў на агульнанацыянальным рэферэндуме». Нагадаем, што восенню 2022 года Касым-Жамарт Такаеў выйграў выбары і заступіў на пасаду прэзідэнта Казахстану на 7 гадоў. Паводле новай Канстытуцыі ён можа быць прэзідэнтам толькі адзін тэрмін.

Выбары ў парламент пройдуць пасля шэрагу рэформаў. Так, 70 % дэпутатаў Мэжыйлійсу будуць абраныя ў адпаведнасці з партыйнымі спісамі, а 30 % – праз аднамандатныя акругі. Парог рэгістрацыі палітычных партыяў паніжаны ў чатыры разы з 20 да 5 тысяч сябраў. У бюлетэнях для галасавання на выбарах дэпутатаў зʼявіцца графа «супраць усіх». З 7 % да 5 % паніжаная планка для праходжання партыяў у парламент. Апроч таго, прызначылі кансалідаваную 30-адсоткавую квоту для жанчын, моладзі і людзеў з асаблівымі патрэбамі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў