Медыі напісалі пра рэзкае памяншэнне лімітаў бязмытнага завозу тавараў. Ці праўда гэта?


У медыях і сацсетках разышлася навіна, што з 1 красавіка норма завозу тавараў у Беларусь без выплаты мыта панізіцца ўдвая: з 1000 еўраў да 500. Для пасылак з-за мяжы ліміт паменшыцца яшчэ болей: з 1000 еўраў да 200. Пра гэта згадваецца на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэту. Аднак у самім ведамстве публікацыі ў інтэрнэце назвалі «ўкідам інфармацыі». «Белсат» разабраўся, што да чаго.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі / Twitter

Папярэджанне пра тое, што з 1 красавіка рэзка зменшацца ліміты бязмытнага завозу ў Беларусь тавараў для асабістага карыстання, апублікаванае на сайце Дзяржаўнага мытнага камітэту ў раздзеле «Інфармацыя для фізічных асобаў». Новыя нормы пазначаныя ў дужках, як даведка.

Напрыклад, наземным транспартам цяпер можна завезці тавараў на 1000 еўраў і не болей за 31 кілаграм. З 1 красавіка – на 500 еўраў і не болей за 25 кілаграмаў. Калі перавысіць коштавы ліміт, мытня возьме 30 % кошту; калі вагавы – 4 еўры за кілаграм; калі перавышанае і тое, і тое – мыта будзе адно (або 30 %, або 4 еўры за кіло – якая сума будзе большая, тую і спагоняць).

Поштаю цяпер без мыта дазваляецца атрымоўваць пасылкі коштам да 1000 еўраў, а з 1 красавіка – да 200 еўраў (норма вагі не змяняецца – максімум 31 кілаграм). У выпадку перавышэння – плюс 15 % кошту, але не меней за 2 еўры за кіло.

«Да нас пакуль нічога не даводзілі»

Пры гэтым у Дзяржаўным мытным камітэце заявілі, што не маюць інфармацыі пра новыя ліміты з 1 красавіка.

«Пра гэта пакуль рана гаварыць. У інтэрнэце што заўгодна можна напісаць. Проста ўкід інфармацыі. Як толькі з’яўляюцца афіцыйныя звесткі, яны адразу ж публікуюцца на нашым сайце – і толькі пасля адпаведнага ўзгаднення».

Старыя новыя ліміты

Стаўкі мытных збораў для краінаў – удзельніц ЕАЭС, куды ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расея, вызначаюцца на ўзроўні Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Да леташняга красавіка для дзяржаваў ЕАЭС дзеяў бязмытны завоз тавараў коштам да 500 еўраў і вагою не болей за 25 кілаграмаў. Праз увядзенне санкцыяў у сувязі з вайной ва Украіне Еўразійская эканамічная камісія часова павысіла ліміты, каб «падтрымаць грамадзянаў ва ўмовах санкцыйнага ціску і пазбегнуць дэфіцыту тавараў першай патрэбы і тавараў крытычнага імпарту».

У той жа час таксама павялічылі з 200 да 1000 еўраў бязмытныя ліміты на пасылкі, каб «падтрымаць грамадзянаў, якія замаўляюць тавары для асабістага карыстання ў замежных інтэрнэт-крамах».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі / Twitter

Што праўда, краіны – удзельніцы ЕАЭС маюць права вызначаць для сябе персанальныя нормы. І гэтае права скарыстала Арменія, што пакінула свае старыя ліміты.

Спачатку павышаныя нормы ўвялі да 1 кастрычніка летась, потым працягнулі да 1 красавіка 2023 года. Што будзе далей, прагназаваць цяжка, бо невядома, пра што дамовяцца ў Еўразійскай камісіі і ці захоча Беларусь папрасіць для сябе асобныя правілы. Калі ж «ільготу» не працягнуць, то фактычна проста вернуцца папярэднія ліміты, што пачалі дзеяць яшчэ некалькі гадоў таму.

Hавiны
У двух беларускіх пунктах пропуску пашырацца паўнамоцтвы мытнікаў
2022.07.28 09:40

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў