Грамадскі актывіст Максім Вінярскі стаў насупраць амбасады Расейскай Федэрацыі з плакатам «Акупанты, прэч з Украіны». Праз хвіліну да яго падышоў ахоўнік пасольства ды паспрабаваў забраць плакат і запатрабаваў ад актывіста паказаць дакументы.
Міліцыянт адабраў у актывіста плакат і выклікаў падмацаванне. Вінярскага пасадзілі ў машыну і павезлі ў бок Цэнтральнага РУУСу.
{movie}Максім Вінярскі: Фактычна, мы – саўдзельнікі нападу на Крым |right|15170{/movie}
Перад пікетам актывіст патлумачыў сваю пазіцыю адносна падзеяў ва Украіне. «Я лічу, што прыйшоў час называць рэчы сваймі імёнамі. Тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, – фактычна акупацыя. Там замежныя войскі, там спробы захапіць воінскія часткі і дыктаваць краіне, як яна павінная жыць. Цяпер украінцы абараняюць сваю незалежнасць, прычым даволі цікавым спосабам – яны не выкарыстоўваюць сілы, зброі, але не даюць адхапіць кавалак сваёй краіны».
Цяпер Майдан злуе дыктатараў, зазначыў актывіст. «Мне давялося быць у Маскве падчас прысуду «балотнікам» і пасля, калі нас затрымалі на Цвярской, бачыў: ад слова «Майдан», ад слова «Беркут» расейцаў проста трасе. Не ўсіх, вядома, а амапаўцаў, суддзяў, чыноўнікаў. Глядзеў учорашнюю прэс-канферэнцыю Пуціна і адчуваў: для яго гэта таксама жах».
Актывіст выказаў здзіўленне, што ў Беларусі гэтак мала людзей падтрымала суседзяў-украінцаў. У Беларусі патрабуюць падаваць заяўку на вулічную акцыю за 15 дзён да яе правядзення. За гэтыя ж дні ўвесь Крым могуць захапіць, таму актывіст выйшаў на пікет без дазволу. «У нас немагчыма праявіць сваю пазіцыю па законе», – зазначыў ён.
МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН