Ператрус у доме Аляксандра Мілінкевіча і затрыманне блогера Аляксея Бацюкова


«Белсат» з дня ў дзень апісвае хроніку рэпрэсій, якія праводзяць улады ў нашай краіне. Ператрусы, затрыманні і суды не спыняюцца ні на адзін дзень.

Блогер Аляксей Бацюкоў.
Фота: БАЖ

Паводле інфармацыі БАЖ, 18 снежня, верагодна, адбылося затрыманне блогера і журналіста Аляксея Бацюкова. Ягоныя сябры паведамляюць, што ў доме Бацюкова 5 снежня адбыўся ператрус, пасля чаго блогера забралі на допыт у КДБ, адкуль ён не вярнуўся.

Сёння стала вядома пра затрыманне менчука за ўдзел у мітынгах 2020 года. Як стала вядома «Медыязоне», імя затрыманага Уладзіслаў Федаровіч. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа пра свой удзел у акцыях пратэсту і пра тое, што дасюль не выдаліў фотаздымкі ў сацыяльных сетках.

Сёння стала вядома, што ў доме палітыка Аляксандра Мілінкевіча ў Берштах адбыўся ператрус. Прычына ператрусу невядомая. Сам Мілінкевіч знаходзіцца за мяжой.

Беларуску Таццяну Собаль, якая вярнулася з-за мяжы праз «камісію па вяртанні», прымусілі запісаць «пакаяльнае відэа», у якім яна, акрамя ўсяго іншага, распавядае, як дрэнна жывецца за мяжой. Але пры гэтым жанчыну ўсё адно збіраюцца судзіць па 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу.

Сёння стала вядома пра затрыманне дырэктара фірмы, якая займаецца вытворчасцю дронаў. Маладога чалавека завуць Вадзім Чараўко. На відэа, знятым ГУБАЗіКам, ён сазнаецца ва ўдзеле ў пратэстах, а таксама кажа, што ў яго была знойдзена марыхуана.

Стала вядома, што напрыканцы мінулага тыдня сілавікі праводзілі затрыманні ў Чэрыкаўскім, Горацкім і Дрыбінскім раёнах. Вядома найменей пра семярых затрыманых. Ёсць верагоднасць, што іх больш.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў