Кастусёў з СІЗА напісаў адкрыты ліст да Лукашэнкі


Кіраўнік найстарэйшай у Беларусі апазіцыйнай партыі БНФ Рыгор Кастусёў напісаў з СІЗА адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім настойвае на сваёй поўнай невінаватасці і сцвярджае, што даведаўся аб падрыхтоўцы «дзяржаўнага перавароту» толькі пасля арышту іншых удзельнікаў справы. Аб гэтым паведамляе «Спутник».

Рыгор Кастусёў у судзе.
Фота: Sputnik

Прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ва ўдзеле ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім па-ранейшаму настойвае на сваёй невінаватасці. Таксама зварот быў накіраваны праз адміністрацыю СІЗА ў некаторыя сродкі масавай інфармацыі. Цяпер Кастусёў знаходзіцца ў СІЗА, як і астатнія фігуранты гэтай рэзананснай справы, у чаканні разгляду Вярхоўным судом апеляцыйнай скаргі на прыгавор.

«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! Звяртаюся да вас як да Прэзідэнта краіны, гаранта абароны канстытуцыйных правоў кожнага грамадзяніна. Агульнавядома, што Вы, як кіраўнік дзяржавы, уважліва адсочваеце падзеі і працэсы ў розных галінах нашага грамадства, у тым ліку і так званыя гучныя працэсы па розных крымінальных справаў», – цытуе «Спутник» адкрыты ліст ад імя Кастусёва да Лукашэнкі, захоўваючы арфаграфію арыгінала.

Паведамляецца, што ў лісце Кастусёў тлумачыць Лукашэнку, як мімаволі аказаўся ўцягнутым у працэс падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту». «Як старшыня Партыі БНФ я быў запрошаны для ўдзелу ў ЗУМ-канферэнцыях экспертна-аналітычнага характару, дзе павінна было адбыцца абмеркаванне пытання санкцыйнай палітыкі краін Захаду ў дачыненні да Беларусі. Як паслядоўны супернік санкцый супраць нашай краіны, я пагадзіўся ўдзельнічаць, каб данесці сваю пазіцыю», – піша Кастусёў. У распаўсюджаным праз праўладныя СМІ лісце кіраўнік БНФ паведамляе, што толькі пасля арышту даведаўся «пра сапраўдныя намеры іншых удзельнікаў па падрыхтоўцы дзяржперавароту».

«На жаль, мая пазіцыя і аргументы не былі пачутыя як падчас папярэдняга, так і судовага следства. У выніку я атрымаў пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення волі. Тым не менш, я настойваю на сваёй поўнай невінаватасці па прадʼяўленым абвінавачанні і ў дадзены момант накіраваў апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд», – напісаў Кастусёў.

Паводле «Спутника», Кастусёў настойвае на тым, што не ўчыняў злачынствы і хацеў бы працягваць працу «па абароне інтарэсаў беларускага народу, незалежнасці і суверэнітэту Беларусі».

Артыкулы
Фядуту і Кастусёву – па 10 гадоў, Зянковічу – 11. Вынеслі прысуд «змоўнікам»
2022.09.05 16:25

Як раней паведамлялася, на пачатку верасня Менскі абласны суд прыгаварыў Рыгора Кастусёва да 10 гадоў пазбаўлення волі «за спробу дзяржаўнага перавароту з мэтай звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам». Таксама па «справе аб змове» асудзілі юрыста Юрася Зянковіча (11 гадоў калоніі), літаратуразнаўцу і палітолага Аляксандра Фядуту (10 гадоў), працаўніцу офісу Зянковіча Вольгу Галубовіч і актывіста Дзяніса Краўчука (па 2,5 гады калоніі). Кастусёў адзіны з іх не прызнаў віну. Папярэдняе расследаванне і судовае следства па справе аб спробе «дзяржаўнага перавароту» доўжылася 500 дзён.

Разгляд крымінальнай справы аб спробе «дзяржаўнага перавароту» ў апеляцыйным парадку, якая раней слухалася ў Менскім абласным судзе, прызначаны на канец лістапада і пройдзе ў Вярхоўным судзе.

Артыкулы
Пухліна ў мазгах, эпілепсія, сухоты, бранхіяльная астма – з якімі дыягназамі сядзяць палітвязні ў Беларусі
2022.09.18 13:37

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў