Вакцынацыя мігрантаў на беларуска-польскай мяжы распачнецца 18 лістапада. Прышчапляць будуць кітайскай вакцынай. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Віктар Пранюк, піша БелТА.
Стацыянарны медыцынскі пункт для вакцынацыі будзе арганізаваны ў транспартна-лагістычным цэнтры, дзе зладзілі лагер для мігрантаў. У ТЛЦ, паводле Віктара Пранюка, быў выяўлены адзін выпадак каронавірусу – мігранта, у якога знайшлі інфекцыю, шпіталізавалі ў Гарадзенскую ўніверсітэцкую клініку.
Тым часам кітайская вакцына не заўсёды даступная для беларусаў, яна ёсць не ва ўсіх пунктах вакцынацыі, у некаторых з’яўляецца невялікімі партыямі на кароткі час.
За мінулыя содні, паводле БелТА, 37 мігрантаў, якія знаходзіліся на беларуска-польскай мяжы, звярнуліся за медыцынскай дапамогай. Пра гэта распавёў старшыня Сталай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савету Рэспублікі Віктар Лісковіч.
«Ноч прайшла ў лагеры спакойна. За мінулыя содні 37 уцекачоў звярнуліся за медыцынскай дапамогай. Выдалі 10 тысяч масак, – сказаў Лісковіч. – З сённяшняга дня пачнуць працаваць валанцёры-замежнікі, каб палепшыць камунікацыю з уцекачамі. Плануецца прывезці аўталаўку, паставіць абменны пункт, каб людзі маглі купіць тавары першай неабходнасці».
Акрамя таго, паводле Лісковіча, у ТЛЦ будзе падрыхтавана яшчэ 400 месцаў для знаходжання мігрантаў.
ГГ, belsat.eu