Мінабароны Расеі: ва Украіне могуць ваяваць каля 700 беларускіх добраахвотнікаў


Ва Украіне застаюцца прыкладна 700 добраахвотнікаў з Беларусі, якія ўдзельнічаюць у вайне на баку ЗСУ. Такія лічбы прыводзіць расейскай выданне «Известия» са спасылкай на аналітычную запіску Мінабароны РФ. Выданне заяўляе, што сапраўднасць дакументу пацвердзілі тры крыніцы ў вайсковым ведамстве.

Шаўроны з Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам на плячы байца палка Кастуся Каліноўскага. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Паводле звестак расейскага Міністэрства абароны, з пачатку вайны ва Украіну прыехалі больш за 12,7 тысячы добраахвотнікаў з 88 дзяржаў. З іх больш за 5,4 тысячы былі забітыя, а 5,3 тысячы вярнуліся назад. Паводле інфармацыі ведамства, цяпер ва Украіне застаюццаа 1940 замежных ваяроў. Нібыта з іх сфармаваныя чатыры пяхотныя батальёны па 300–400 чалавек кожны, а таксама батальёны спецыяльнага прызначэння.

«Расейскай арміі на Украіне супрацьстаяць каля 2 тысяч замежных наймітаў, большая частка з іх сканцэнтравана на запарожскім кірунку. Больш за ўсё – з Польшчы і ЗША», – піша выданне са спасылкай на аналітычную запіску.

Гэтак, паводле інфармацыі расейскага Мінабароны, больш за ўсё добраахвотнікаў прыбыло ва Украіну з Польшчы – звыш 2,7 тысячы чалавек. На другім месцы – ЗША, больш за тысячу чалавек. З Грузіі і Канады прыехала па 900 чалавек, прыкладна па 700 – з Беларусі, Вялікай Брытаніі і Румыніі.

Паводле аўтараў аналітычнай запіскі, для вербавання добраахвотнікаў актыўна прыцягваюцца прыватныя вайсковыя кампаніі. Сярод іх – «Academy», «Cubic», «Darkhorse Benefits», «Dean Corporation», «Forward Observation Group», «Hyperion Services», «Sons of Liberty International», а таксама польскія «ASBS Othago» і «European Security Academy».

Дакладная колькасць беларусаў, якія ваююць у вайне на баку Украіны, не вядомая. У чэрвені мінулага года Офіс Святланы Ціханоўскай заяўляў, што ва Украіне ваююць ад 500 да 1500 беларусаў. У лістападзе 2022 года кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў гаварыў, што яны высветлілі асобы 160 беларускіх добраахвотнікаў. Паводле падлікаў радыё «Свабода», на ліпень 2023 года ва Украіне ваююць каля 450 беларусаў.

Ваяры
Каліноўцы адбілі атаку «дыверсантаў» на акоп
2023.10.08 19:45

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў