Расейскія войскі за тыдзень пашкодзілі 30 % украінскіх электрастанцыяў


З пачатку масавых абстрэлаў 10 кастрычніка расейскія вайскоўцы разбурылі 30 % электрастанцыяў ва Украіне, напісаў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі ў Twitter.

Раніцаю 18 кастрычніка пад абстрэл трапіла Курахаўская ЦЭС у Данецкай вобласці. Крыніца: u_now/Telegram

«Яшчэ адзін від расейскіх тэрарыстычных нападаў: мэта – украінская энергетыка і крытычная інфраструктура. Пачынаючы з 10 кастрычніка, 30 % украінскіх электрастанцыяў былі разбураныя, што пацягнула масавыя адключэнні святла па ўсёй краіне. Для перамоваў з рэжымам Пуціна не засталося месца», – напісаў Уладзімір Зяленскі.

Раніцаю 18 кастрычніка расейскія вайскоўцы зноў абстралялі ўкраінскія гарады. Удары нанеслі па Кіеве, Харкаве, Дняпры, Жытоміры і Запарожжы, паведамляюць мясцовыя ўлады. Пацярпелі аб’екты энергетычнай інфраструктуры, некаторыя раёны засталіся без электрычнасці.

Таксама ўкраінцаў папярэджваюць пра магчымасць знікнення святла, ацяплення і вады па ўсёй краіне.

«У нас крытычная сітуацыя ўва ўсёй краіне. Адзін рэгіён залежыць ад іншага. Трэба рыхтавацца па ўсёй краіне да таго, што могуць быць адключэнні як электраэнергіі, так і водазабеспячэння, цяплозабеспячэння», – сказаў намеснік старшыні Офісу прэзідэнта Кірыла Цімашэнка.

Мэр Кіева Віталій Клічко паведаміў, што ў горадзе ў выніку ракетных абстрэлаў 18 кастрычніка пашкоджаныя два аб’екты крытычнай інфраструктуры. Ліквідацыя надзвычайнай сітуацыі працягваецца. На месцы працуюць аварыйна-ратавальныя службы.

«У шмат якіх дамах левабярэжжа сталіцы часткова абмежаванае наданне паслуг электра- і водазабеспячэння. У некаторых дамах магчымае зніжэнне ціску ў водаправоднай сетцы, змяненне колеру і празрыстасці вады», – сказаў Клічко.

Таксама мэр Кіева звяртаўся да ўсіх кіяўлянаў з просьбаю максімальна ашчаджаць электраэнергію і не ўлучаць магутных электрапрыбораў – кандыцыянераў, электрачайнікаў, мікрахвалевых печаў ды іншага.

Інтэрв’ю
Куды націсне Пуцін: на ядравую кнопку ці на Лукашэнку? Каментуе гісторык Юрый Фельшцінскі
2022.10.18 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў