Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу: за год памежнікі не ўпусцілі ў ЕЗ 67 тысяч чалавек


За перыяд з 3 жніўня 2021 года, калі памежнікі краінаў Еўразвязу атрымалі права не прапускаць мігрантаў з тэрыторыі Беларусі, па сённяшні дзень Польшча не ўпусціла 44 579 чалавек, Літва – больш за 15 тысячаў, Латвія – 7257, паведамляе памежная служба Літвы.

Літоўска-беларуская мяжа.
Фота: EPSO-G

Літва заяўляе, што ў жніўні бягучага года плынь мігрантаў без адпаведных дакументаў з боку Беларусі зноў павялічылася.

«Апошнім часам беларускія ўлады выбралі Літву ў якасці сваёй асноўнай мэты, павялічваючы прыток мігрантаў і імкнучыся дазволіць як можна большай іх колькасці нелегальна ўязджаць у Літву і ЕЗ. З другой паловы жніўня кожны тыдзень у Літву з Беларусі спрабуюць нелегальна трапіць больш за 600 мігрантаў, а ў Польшчу і Латвію прыкладна ў 3 і 9 разоў менш», – паведамляюць у памежнай службе.

Аналітыка
«Гібрыдная атака» працягваецца. Ці чакаць новага міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю?
2022.09.17 19:37

Літоўскія памежнікі абвінавачваюць у міграцыйным крызісе беларускіх калегаў.

«Яны не толькі падвозяць замежнікаў да мяжы і накіроўваюць іх на тэрыторыю суседняй краіны, але і дапамагаюць разбурыць калючы дрот і плот, пабудаваны на літоўскім баку. Дзеля гэтага беларускія памежнікі нават абзавяліся новай «зброяй» – нажніцамі для рэзкі металу», – кажуць у літоўскай памежнай службе.

Пра пашкоджанні агароджы на мяжы беларускімі памежнікамі заяўляла таксама Польшча.

Лічбы затрыманых мігрантаў, якія спрабуюць незаконна прарвацца з Беларусі на тэрыторыю Еўразвязу, паводле афіцыйных звестак Дзяржаўнай памежнай службы Літвы (VSAT),  штодня розныя. Гэтак, за содні 15 верасня зафіксавана 64 спробы пераходу літоўска-беларускай мяжы (14 верасня спынілі 108 мігрантаў), 37 спробаў – на беларуска-польскай мяжы.

Hавiны
Канал міграцыі актывізаваўся: тры дні запар з Беларусі ў Літву спрабуюць прарвацца больш за 120 чалавек
2022.08.28 17:22

VSAT падлічыла, што з пачатку 2022 года спыніла на мяжы 6775 нелегальных мігрантаў, са жніўня 2021 года іх колькасць дасягнула амаль 15 000.

Дэпутат Еўрапарламенту ад Літвы Пятрас Аўштравічус у каментары «Белсату» сцвярджае, што гібрыдная вайна Беларусі супраць Еўразвязу працягваецца, і ўспрымаць яе трэба «вельмі і вельмі сур’ёзна».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў