Няўдалыя вайсковыя кампаніі ЗША: ад В'етнаму да Афганістану


Belsat.eu распавядае пра вайсковыя кампаніі ЗША, якія завяршаліся паразамі або прыводзілі да непрадказальных наступстваў.

Афганістан: самая працяглая вайна ЗША

Амерыканскія вайскоўцы ў свой час скардзіліся на негатыўнае наступства іракскай кампаніі: яна адцягнула на сябе асноўныя сілы ЗША і не дазволіла стабілізаваць сітуацыі ў Афганістане пасля першапачатковага разгрому талібаў.

«Гэта проста пытанне рэсурсаў і магчымасцяў. У Афганістане мы робім, што можам. У Іраку мы робім, што мусім рабіць», – казаў у 2007 годзе старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў адмірал Майкл Мален.

Байцы Паўночнага альянсу пераходзяць на новыя пазіцыі пасля атрымання ўніформы і боепрыпасаў у лагеры прыблізна за 60 кіламетраў на поўнач ад Кабулу. Самалёты B-52 упершыню з пачатку кампаніі, якую ўзначальвае ЗША, нанеслі «дывановыя бамбаванні» (паслядоўнае бомбакіданне) па пазіцыях талібаў у гэтым раёне. Гэта адзін з самых цяжкіх удараў кампаніі да гэтага часу на тэрыторыі Афганістану. 31 кастрычніка 2001 года.
Фота: Reuters / Forum

Кампанія ў Афганістане сталася адказам на тэракты 11 верасня 2001 года, бо менавіта на падкантрольных «Талібану» тэрыторыях месціліся базы тэрарыстаў «Аль-Каіды» і асабіста Усама бін Ладэн. Аперацыя «Нязломная свабода» пачалася 7 кастрычніка 2001 года, а ўжо ў пачатку снежня рэжым «Талібану» быў зліквідаваны.

Першыя некалькі гадоў сітуацыя была адносна стабільная: у краіне паспяхова прайшлі выбары, а талібы не былі ў стане ладзіць буйныя аперацыі. Аднак пабудаваць эфектыўную дзяржаву не ўдалося. Сярод насельніцтва расла незадаволенасць карупцыяй і некампетэнтнасцю ўладаў, якія не маглі развязаць элементарныя праблемы. Войска і паліцыя Афганістану дэманстравалі няздольнасць абараніць насельніцтва і супрацьстаяць радыкалам. У выніку ўплыў талібаў стаў расці, з 2005 года баевікі пачалі пашыраць кантроль над тэрыторыямі і пераходзіць да актыўных дзеянняў. Да таго ж вялікае падтрыманне талібы атрымлівалі ад Пакістану.

ЗША былі вымушаныя павялічыць колькасць вайсковага кантынгенту ў Афганістане (ён дасягнуў піку ў 2010–2011 гадах, тады ў краіне было больш за 100 тысяч жаўнераў), аднак прынцыпова змяніць сітуацыю не ўдалося. З 2012-га пачалося істотнае скарачэнне маштабаў удзелу ЗША ў канфлікце, на канец 2019-га ў Афганістане заставаліся не больш за 19 тысяч вайскоўцаў. Кіраўніцтва ЗША аказалася ў сітуацыі, у чымсьці падобнай да В’етнаму: пытанне было не ў тым, каб перамагчы, а ў тым, каб годна выйсці з канфлікту. Сыход з Афганістану ствараў пагрозу вяртання рэжыму талібаў і з’яўлення новай тэрарыстычнай пагрозы з гэтай тэрыторыі. Аднак і працягваць ваяваць бясконца было немагчыма. Агулам падчас афганскай вайны загінулі больш за 2300 амерыканскіх жаўнераў.

Перапоўнены самалёт з афганскімі ўцекачамі. Кабул, Афганістан. 17 жніўня 2021 года.
Фота: Marcus Weisgerber / Twitter

Імгненная перамога талібаў пасля канчатковага вываду амерыканскіх войскаў наўрад ці дазволіць сказаць, што заданне годна выйсці з канфлікту Белы дом здолеў выканаць. Аднак у сваім выступе 16 жніўня Джо Байдэн адзначыў, што не шкадуе пра сваё рашэнне.

«Амерыканскія вайскоўцы не могуць і не павінны гінуць у вайне, у якой афганскія сілы не гатовыя змагацца за сябе», – сказаў ён, абвінаваціўшы мясцовае насельніцтва і афганскіх палітыкаў у нежаданні змагацца.

Hавiны
Хто такія талібы, якія захапілі Афганістан і нарабілі шораху ў свеце
2021.08.17 07:48

Пірава перамога: Ірак

Прывід другога В’етнаму ажыў у гады іракскай кампаніі. У межах глабальнай вайны супраць тэрарызму, распачатай Белым домам пасля тэрактаў 11 верасня, ЗША акупавалі Ірак і знішчылі рэжым дыктатара Садама Хусэйна. Падставаю для аперацыі супраць Іраку сталіся абвінавачанні Хусэйна ў тым, што ён мае зброю масавага знішчэння і актыўна супрацоўнічае з «Аль-Каідай» (у сваёй аснове гэтыя абвінавачанні аказаліся беспадстаўныя).

Знішчыць рэжым Хусэйна было не цяжка: менш як праз месяц амерыканскія вайскоўцы без бою занялі Багдад. Аднак вайна ў Іраку толькі пачыналася: паўстанцкі рух супраць амерыканцаў пераплятаўся з беспрэцэдэнтнаю хваляю тэрарызму ды міжканфесійных канфліктаў паміж шыітамі і сунітамі. Галоўным рухавіком тэрору сталася групоўка «Аль-Каіда ў Іраку».

У 2007 годзе тагачасны прэзідэнт Джордж Буш быў вымушаны прызнаць шэраг памылак у сваёй іракскай палітыцы і пайшоў на павелічэнне кантынгенту ЗША ў Іраку ў межах стратэгіі «Вялікая хваля». Амерыканцы здолелі дасягнуць пагаднення з лідарамі мясцовых грамадаў, якія моцна пакутавалі ад тэрарыстаў. Дапамога на мясцовым узроўні зрабілася адным з галоўных фактараў поспеху «Вялікай хвалі»: узровень гвалту істотна знізіўся, і амерыканцы пачалі перадаваць кантроль над тэрыторыяй іракскім службам бяспекі. У 2011 годзе ЗША вывелі войскі з Іраку.

Салдаты 3-й брыгады 1-й кавалерыйскай дывізіі складаюць торбы, каб вярнуцца ў ЗША. Гэтая дывізія – апошняе вайсковае падраздзяленне ЗША, якое пакінула Ірак. Лагер «Вірджынія», Кувейт. 20 снежня 2011 года.
Фота: Lucas Jackson / Reuters / Forum

Аднак іракская кампанія сталася доўгатэрміновым фактарам дэстабілізацыі рэгіёну. Баевікі тэрарыстычнай групоўкі «Аль-Каіда ў Іраку» стварылі «Ісламскую дзяржаву Іраку і Леванту» (пазней – «Ісламская дзяржава»), якая сталася адным з асноўных удзельнікаў грамадзянскай вайны ў Сірыі. У грамадзянскую вайну даволі хутка скаціўся і Ірак: ісламісты скарысталіся тым, што суніты былі не задаволеныя шыіцкім урадам. У 2014-м тэрарысты захапілі Масул, Тыкрыт і падышлі да Багдаду. На піку, у 2015 годзе, «Ісламская дзяржава» кантралявала да 70 % тэрыторыі Сірыі і да 30 % тэрыторыі Іраку. ЗША далучыліся да барацьбы з тэрарыстамі: амерыканская авіяцыя бамбіла пазіцыі «Даішу», вайскоўцы рыхтавалі іракскіх жаўнераў і дапамагалі службам бяспекі. На гэты момант у Іраку застаюцца каля 2500 амерыканскіх жаўнераў, прэзідэнт Джо Байдэн плануе вывесці іх з краіны да канца года.

У адрозненне ад відавочна правальнай в’етнамскай вайны, вынікі іракскай кампаніі ацаніць значна больш складана. З аднаго боку, ЗША дасягнулі ўсіх мэтаў, якія перад сабою ставілі: рэжым Садама Хусэйна быў знішчаны, а тэрарыстычныя групоўкі разгромленыя. З іншага боку, сухаземная аперацыя ў Іраку зацягнулася на 8 гадоў, прывяла да гібелі больш як 4400 амерыканскіх жаўнераў (гэта самыя высокія страты ЗША з часоў В’етнаму). Кампанія ў Іраку справакавала доўгатэрміновую дэстабілізацыю ў рэгіёне, грамадзянскую вайну з сотнямі тысяч ахвяраў і стала адным з ключавых фактараў узнікнення тэрарыстычнай квазідзяржавы – «Даіш». І хаця сітуацыя ў Іраку цяпер нармалізавалася, краіну цяжка назваць паспяховай і стабільнай: новыя выбухі грамадзянскага супрацьстаяння выключаць нельга.

Правалы пунктавых аперацыяў: Ліван і Самалі

У 1982 годзе амерыканскія вайскоўцы разам з французамі ды італьянцамі ўзялі ўдзел у міратворчай аперацыі ў Ліване, дзе ішла грамадзянскай вайна. Першапачаткова меркавалася, што міратворчыя сілы не будуць браць удзелу беспасярэдне ў баявых дзеяннях: іх місія мусіла абмяжоўвацца гуманітарнымі заданнямі і кантролем за спыненнем агню. Аднак фактычна амерыканскія жаўнеры раз за разам уцягваліся ў сутычкі з мясцовымі ўзброенымі фармаваннямі.

У красавіку 1983 года баевікі зарганізавалі тэракт у амбасадзе ЗША ў Бэйруце (загінулі 63 асобы), а 23 кастрычніка 1983-га тэрарысты замінаванымі машынамі адначасова атакавалі казармы амерыканскага і французскага кантынгентаў. Загінулі 241 амерыканскі і 58 французскіх жаўнераў. Страты амерыканцаў асабліва ўражвалі, улічваючы невялікую колькасць групоўкі: на піку яна дасягала прыкладна 1800 чалавек.

Тэракт у казармах марскіх пехацінцаў стаўся асноўным фактарам, які паўплываў на згортванне міратворчай аперацыі. У 1984 годзе міжнародны кантынгент пакінуў Ліван, не дасягнуўшы сваіх мэтаў: вайна працягвалася там да 1990 года.

Рота «Брава», 3-і батальён 75-га палка рэйнджараў у Самалі ў 1993 годзе.
Фота: wikimedia.org

Была праваленая і міратворчая аперацыя ў Самалі ў 1993 годзе. Грамадзянская вайна, пачатая ў Самалі ў 1980-х, пацягнула за сабою страшэнны голад. Мясцовыя баевікі рэгулярна рабавалі гуманітарныя грузы, таму Рада Бяспекі ААН ухваліла міжнародную міратворчую аперацыю, якую ўзначалілі ЗША. Міратворцы запэўнівалі бяспеку гуманітарных канвояў, а таксама раззбройвалі баевікоў.

Самалійскі нацыянальны альянс (СНА – адзін з бакоў грамадзянскага канфлікту) абвесціў вайну міратворцам ААН, што прывяло да шэрагу крывавых сутычак. Спрабуючы захапіць лідараў незаконных узброеных фармаванняў, амерыканскі спецназ аказаўся ўцягнуты ў гарадскія баі з вялікаю групоўкаю баевікоў СНА. У бітве ў Магадышу загінулі 19 амерыканскіх жаўнераў, каля 80 чалавек атрымалі раненні, былі страчаныя 2 верталёты (на падставе тых падзеяў амерыканскі рэжысёр Рыдлі Скот зняў фільм «Чорны ястраб»). Разадранае цела аднаго з жаўнераў ЗША самалійцы потым дэманстратыўна цягалі па горадзе.

Нечакана высокія страты ў бітве ў Магадышу прымусілі прэзідэнта Біла Клінтана згарнуць баявую аперацыю і вывесці амерыканскія войскі з Самалі, каб канчаткова не ўцягнуцца ў грамадзянскую вайну.

В’етнамская катастрофа

Вайна ў В’етнаме пачалася задоўга да з’яўлення там амерыканскіх жаўнераў: яшчэ з 1940-х гадоў камуністы вялі партызанскую вайну супраць французскіх каланіяльных уладаў. У 1954-м Францыя пакінула В’етнам, а краіна паводле штучна вызначанай 17-й паралелі падзялілася на камуністычную поўнач і празаходні поўдзень.

Чальцы 1-й кавалерыйскай дывізіі з палоннымі, захопленымі пасля выканання задання ў даліне Ан-Лаў у лютым 1967 года.
Фота: GRANGER / Granger History Collection / Forum

У канцы 1950-х камуністы пачалі партызанскую вайну супраць Паўднёвага В’етнаму і паступова пашыралі падкантрольныя тэрыторыі. Спачатку ЗША дапамагалі мясцовым уладам зброяй, вайсковымі дарадцамі ды інструктарамі, а ў 1964 годзе перайшлі да паўнавартаснай кампаніі супраць сілаў Паўночнага В’етнаму і камуністычных партызанаў поўдня (в’етконгаўцы). В’етнамскіх камуністаў у сваю чаргу падтрымлівалі СССР і КНР. Вайна суправаджалася «дывановымі бамбаваннямі», выкарыстаннем напалму, фосфару і ядахімікатаў, што прыводзіла да вялізарных стратаў сярод цывільнага насельніцтва. Злачынствы фіксаваліся з абодвух бакоў. Найбольш вядомым выпадкам сталася знішчэнне амерыканскімі жаўнерамі ў 1968 годзе вёскі Сэн-Мі, дзе былі забітыя больш за 500 мірных жыхароў. Падзеі ў Сэн-Мі выклікалі абурэнне сусветнай супольнасці і актыўна выкарыстоўваліся камуністычнаю прапагандай як сведчанне злачыннай сутнасці «амерыканскага імперыялізму». Аднак насамрэч камуністычныя атрады самі масава знішчалі цывільнае насельніцтва (разня ў вёсках Дак-Сэн, Cэн-Ча, Тхан-Мі, масавыя забойствы ў Хуэ).

Вайна зацягвалася, а зламіць супраціў камуністаў усё не ўдавалася. Пры гэтым вялікія страты сярод амерыканскіх вайскоўцаў і сведчанні пра масавую гібель цывільнага насельніцтва хутка зрабілі вайну вельмі непапулярнай у ЗША. У краіне распачаўся масавы антываенны рух, маштабныя акцыі грамадзянскага непадпарадкавання. Амерыканскае кіраўніцтва цяпер думала толькі пра тое, як годна выйсці з гэтага канфлікту. Нарэшце, у 1973 годзе, былі падпісаныя Парыжскія дамоўленасці, паводле якіх ЗША ўзялі на сябе абавязак вывесці свае войскі з В’етнаму.

Акцыя супраць вайны ў В’етнаме ў Нью-Ёрку, ЗША. 1964 год.
Фота: Hiroji Kubota / Magnum Photos / Forum

У вайне загінулі каля 1,1 мільёна вайскоўцаў паўночнав’етнамскай арміі ды партызанскіх атрадаў, каля 2 мільёнаў мірных жыхароў, не менш за 250 тысячаў байцоў паўднёвав’етнаскай арміі ды 58 тысячаў амерыканскіх жаўнераў. Амерыканцы, якія вярнуўся з вайны, пакутавалі на посттраўматычны стрэсавы разлад («в’етнамскі сіндром»), што прывяло да вялікай колькасці суіцыдаў сярод ветэранаў. Лідар адной з ветэранскіх арганізацыяў Чак Дын сцвярджаў, што каля 150 тысяч удзельнікаў вайны скончылі жыццё самагубствам. Праўда, даследчыкі часта ставяць пад сумнеў гэтую надзвычай высокую колькасць.

Ахвяры былі бессэнсоўнымі: праз два гады пасля вываду амерыканскіх войскаў Паўднёвы В’етнам знік з палітычнай мапы свету. Сайгон, сталіцу Паўднёвага В’етнаму, в’етконгаўцы ўзялі 30 красавіка 1975 года. Горад ахапіў хаос і паніка. Кадры эвакуацыі працаўнікоў амерыканскай амбасады з даху невялікага будынку сталіся сімвалам паразы ЗША. Паспешную эвакуацыю дыпламатычнай місіі ЗША ў Кабуле 15 жніўня 2021 года цяпер часта параўноўваюць з тымі гістарычнымі кадрамі з Сайгону.

Пасля перамогі камуністаў сотні тысячаў паўднёвых в’етнамцаў зрабіліся ўцекачамі. Ад адчаю людзі пакідалі В’етнам на малых рыбацкіх чаўнах, якія часта танулі ў моры, што прывяло да ўзнікненне трагічнага тэрміну «людзі ў чаўнах». Тых, хто застаўся ў краіне, чакалі рэпрэсіі: в’етнамцаў, якіх падазравалі ў супрацы з рэжымам Паўночнага В’етнаму і амерыканцамі, накіроўвалі ў «лагеры перавыхоўвання» (паводле розных ацэнак, праз іх прайшлі ад 200 тысячаў да мільёна чалавек).

Салдаты з Паўднёвага В’етнаму ўгразлі ў вадзе і высокай траве падчас аперацыі за 68 міляў на паўночны захад ад Сайгону ў кастрычніку 1964 года.
Фота: GRANGER / Granger History Collection / Forum

Вайна ў В’етнаме нанесла глыбокую нацыянальную траўму ЗША. Другі В’етнам зрабіўся галоўнаю фобіяй амерыканскага грамадства, што вымушаныя былі ўлічваць усе наступныя кіраўнікі ЗША пры прыняцці рашэнняў наконт баявых аперацыяў за мяжою, бо любыя няўдачы аўтаматычна выклікалі негатыўныя паралелі. Прывід другога В’етнаму часта вымушаў Белы дом выбіраць больш асцярожную лінію паводзінаў на міжнароднай арэне або наагул адмаўляцца ад паўнавартаснага вайсковага ўмяшання.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў