Колькасць загінулых у выніку моцнай спякоты ў Іспаніі і Партугаліі дасягнула 1027 чалавек, перадае агенцтва «BNO News». Таксама ад экстрэмальна высокіх тэмператураў разрастаюцца лясныя пажары.
Большасць смерцяў была зарэгістраваная ў Партугаліі, дзе ў чацвер 14 ліпеня тэмпература дасягнула +47 градусаў. Галоўнае кіраўніцтва аховы здароўя паведаміла пра 659 выпадкаў смерці ў Партугаліі за апошні тыдзень, прычым пік (440 смерцяў) прыйшоўся менавіта на чацвер.
У суседняй Іспаніі зарэгістравана не менш як 368 смерцяў, звязаных са спякотаю. У пятніцу 15 ліпеня там была зафіксаваная самая вялікая колькасць смерцяў – 123 асобы.
Спёка распаўсюджваецца на іншыя часткі Заходняй Еўропы, таму чакаецца яшчэ больш смерцяў.
Таксама чырвоны ўзровень небяспекі быў абвешчаны для некаторых частак заходняй Францыі, дзе 18 ліпеня тэмпература можа дасягаць +44 градусаў. Метэаслужба Вялікай Брытаніі таксама абвесціла чырвоны ўзровень небяспекі, заявіўшы, што тэмпература ў некаторых частках краіны можа падняцца да +40 градусаў, што перавысіць гістарычны максімум.
Ад анамальнай спякоты ўраджай у Еўропе пад пагрозаю, што можа пагоршыць сітуацыю з магчымым харчовым крызісам. Да таго ж украінскі ўраджай застаецца заблакаваным у партах без магчымасці яго бяспечнага вывазу.
Алена Рувіна belsat.eu