Суд за высяленне дзяржаўнай абвінаваўцы не адбыўся, бо адваката Мачалава пазбавілі ліцэнзіі


Андрэй Мачалаў толькі на судзе даведаўся, што яго пазбавілі ліцэнзіі яшчэ 30 траўня. Прычына невядомая.

Аліна Касьянчык (у цэнтры) ідзе на суд. Менск. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Калегія адвакатаў нічога не паведаміла Андрэю Мачалаву пра пазбаўленне ліцэнзіі, сказаў ён «Нашай ніве».

Мачалоў меў бараніць Вольгу Сінілёву, яе ў судзе Заводскага раёну Менску сёння мелі судзіць за парушэнне раўнапраўя грамадзянаў (арт. 190 КК РБ), бо яна прапанавала з’ехаць дзяржаўнай абвінаваўцы Аліне Касьянчык з кватэры, якую тая ў яе здымала. Дамову скасавалі на згоду бакоў, калі Касьянчык знайшла новую кватэру, але пазней Генпракуратура вырашыла, што арэндадаўца «паддалася інфармацыйнаму ўздзеянню тэлеграм-каналаў ды іншых інтэрнэт-рэсурсаў» і незаконна скасавала дамову з памочніцаю пракурора.

На суд спачатку не пусцілі ўсіх ахвочых, бо не хапіла месца ў зале. Дзяржаўная абвінаваўца Вікторыя Кунцэвіч папрасіла суддзю закрыць працэс, суддзя Анжэла Касцюкевіч пагадзілася, хоць адвакат Мачалаў выказаўся катэгарычна супраць, бо ў матэрыялах справы няма прыватных звестак Касьянчык.

У залу не пусцілі ўсіх ахвочых. Менск. 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Суд урэшце перанеслі на 25 чэрвеня. Сінілёвай пагражае пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

Мачалаў неаднаразова браў удзел у палітычных судах, бараніў журналістаў «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Ігара Ільяша, журналістак TUT.by Кацярыну Барысевіч і Любоў Каспяровіч, шматдзетную маці Вольгу Залатар, якая зазнала катаванні ад ГУБАЗіК.

АА belsat.eu

Стужка навінаў