Пастановаю суда былі знішчаныя 25 кніг з сямейнай бібліятэкі журналіста Дзяніса Івашына


З сямейнай бібліятэкі гарадзенскага палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына ў дзень ягонага затрымання і ператрусу, 12 сакавіка 2021 года, КДБ забраў некалькі дзясяткаў кніг. 18 траўня 2023 года стала вядома, што 25 з іх былі знішчаныя пастановаю суда, паведамляецца ў тэлеграм-канале «Дзяніс Івашын».

Дзяніс Івашын.
Фота: dzianisivashyn / Telegram

«XXI стагоддзе, цэнтр Еўропы, чаму б не пачаць паліць кніжкі! Тым больш, што ў гісторыі гэта ўсё ўжо было не так даўно… Я не ведаю, якім невукам трэба быць, каб з сур’ёзным выглядам дэклараваць «сацыяльна небяспечным» ці «экстрэмісцкім»… вайсковы тэрміналагічны слоўнік», – напісала жонка палітвязня Вольга Івашына, якая вядзе тэлеграм-канал, што інфармуе грамадскасць пра лёс ейнага мужа.

Вядомы поўны спі знішчанай літаратуры: «З невичерпного джерела», «Абэцэда», «Беларускі нацыяналізм», «Чаму беларус абавязаны быць нацыяналістам», «Вайсковы слоўнік», «108 дзён і начэй у засценках КДБ», «О сектантах», «Таталітарызм», «Прапаганда», «Хрышчэнне нацыі», «Беларусь за 10 падарожжаў», «Светапоглядныя асновы дэмакратычнага руху», «Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі», «Гібридная война», «Крим за завісою», «Хроника гибридной войны», «Смисли і війни», «Росія: ідентичность агресора», «Вторжение в Украину», «Донбасс в огне», «ОУН і УПА в боротьбі за Українську Державу»,«Міжнародний центр протидіі Російській пропаганді», «Тенденціі у світі», «Індекс війни».

Дзяніс Івашын – журналіст-расследавальнік, прадстаўнік супольнасці «InformNapalm». Паводле адукацыі эканаміст і палітолаг. Жанаты. Аўтар шэрагу гучных журналісцкіх расследаванняў, супрацоўнічаў з газетай «Новы час». Дзяніс расследаваў дзейнасць украінскага «Беркуту» ў Беларусі, распавядаў пра выяўленых экс-байцоў на службе ў лукашэнкаўскім АМАПе.

Дзяніса арыштавалі ў сакавіку 2021 года, у  канцы таго ж года абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве». Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.

Журналіст асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 356 КК РБ («Здрада дзяржаве») і ч. 1 арт. 179 («Незаконныя збіранне або распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці»). Адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 у Магілёве, неаднаразова трапляў там у штрафны ізалятар. Паводле апошняй інфармацыі ад родных, журналіста зноў маглі кінуць у ШІЗА, бо ён не выйшаў на запланаваную сувязь, адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў