Расейскі вайсковец прызнаў у судзе віну ў забойстве бяззбройнага ўкраінца


У Кіеве адбываецца першы суд над расейскім вайскоўцам, якога абвінавачваюць у ваенных злачынствах. Вадзім Шышымарын падчас судовага паседжання прызнаў віну ў забойстве бяззбройнага цывільнага жыхара, паведамляе BBC.

Расейскі вайсковец Вадзім Шышымарын на судзе ў Кіеве, Украіна.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Паводле версіі пракуратуры, 28 лютага паблізу вёскі Камышы, што ў Сумскай вобласці, калону, дзе быў 21-гадовы сяржант Шышымарын, абстраляла ўкраінскае войска. Адступаючы, ён і чацвёра іншых расейскіх вайскоўцаў захапілі чужы аўтамабіль і сталі рухацца назад да мяжы.

Каля дому № 52 на вуліцы Лебядзінскай расейскія вайскоўцы пабачылі 62-гадовага мужчыну – Аляксандра Шаліпава, які размаўляў праз тэлефон. Шышымарыну быў аддадзены загад забіць чалавека, каб ён не распавёў пра іх украінскім вайскоўцам. Шышымарын некалькі разоў стрэліў з аўтамата.

Фота: STRINGER / Reuters / Forum

«Мне загадалі стрэліць, і я стрэліў у яго адну чаргу, ён упаў. Мы паехалі далей», – патлумачыў Шышымарын.

Пазней Шышымарын і трое іншых вайскоўцаў трапілі ў палон. На пытанне суддзі, ці прызнае Шышымарын віну ў забойстве цалкам, ён адказаў сцвярджальна.

Мінабароны Расеі адмовілася каментаваць сітуацыю. У Маскве спасылаюцца на недахоп інфармацыі.

Адвакат Віктар Аўсяннікаў настойвае на перакваліфікацыі абвінавачання на больш мяккі артыкул, пакуль не ўдакладняючы, які менавіта.

Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Судовы працэс адкрыты, відэатрансляцыю можна глядзець на YouTube.

Раман Лугоўскі belsat.eu

 

Стужка навінаў