Прэзідэнт Малдовы запатрабавала вывесці расейскія войскі з Прыднястроўя


Прэзідэнт Малдовы Мая Санду, выступаючы ў Еўрапарламенце, запатрабавала вывесці расейскіх вайскоўцаў з Прыднястроўя. Палітык адзначыла, што прысутнасць там расейскіх вайскоўцаў парушае нейтральны статус яе краіны, паведамляе point.md.

Штаб-кватэра ўрада Кішынёва, Малдова. 17 лютага 2017 года.
Фота: Piotr Pogorzelski / Белсат

Прэзідэнт Малдовы падкрэсліла, што зараз няма непасрэднай пагрозы таго, што краіна будзе ўцягнутая ў вайну ва Украіне.

«Для таго, каб па-сапраўднаму быць нейтральным, неабходна вывесці расейскія войскі з нашай тэрыторыі. Таму што іх прысутнасць фундаментальна парушае наш нейтральны статус і незалежнасць», – сказала Санду.

Яна адзначыла, што ўлады настроены вырашыць гэтае пытанне мірным шляхам з захаваннем суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Малдовы. Спадарыня Санду адзначыла, што Кішынёў не хоча вайны.

Аналітыка
Што будзе, калі Прыднястроўе ўступіць у вайну?
2022.04.26 18:27

Таксама яна адзначыла, што Расея здзейсніла агрэсіўны напад на суседнюю дзяржаву і паставіла на мяжу катастрофы народы Украіны і ўсяго еўрапейскага кантынента.

«Яны хацелі ператварыць Украіну ў геапалітычны прыдатак больш моцнага суседа. Мы ўсе спадзяваліся і чакалі, што гэтыя часы ўжо ніколі не вернуцца. Але яны вярнуліся», – заявіла Санду.

Таксама Санду падкрэсліла, што Малдова падтрымлівае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны: «Крым – Украіна, Данбас – Украіна, Кіеў – Украіна, і заўсёды будуць Украінай».

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў