«Google» блакуе беларускую «Вікіпедыю»?


Рэдактары беларускай «Вікіпедыі» адзначаюць дзіўныя паводзіны сусветна вядомага пошукавага сэрвісу: выглядае, што «Google» папросту блакуе беларускую «Вікіпедыю», піша выданне «Наша Ніва».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: Беларуская Вікіпедыя / Facebook

Калі выкарыстоўваць пошук «Google» і ўводзіць запыт па-беларуску, то шанцы трапіць на артыкул у беларускай «Вікіпедыі» вельмі малыя – такія дзіўныя паводзіны пошукавага сэрвісу адзначылі людзі, якія займаюцца напаўненнем беларускай версіі свабоднай энцыклапедыі.

Паводле рэдактараў, на беларускамоўныя запыты «Google» не выдае артыкулаў па-беларуску, а «падсоўвае» расейскамоўныя, польскамоўныя матэрыялы ці нават артыкулы па-англійску і па-літоўску. Мала што мяняецца і пры выкарыстанні VPN або змене мовы інтэрфэйсу з расейскай на беларускую.

Як прыклад прыводзіцца артыкул пра беларускага архітэктара Сцяпана Валансевіча, які існуе ўжо больш за год. Артыкул не мае аналагаў на іншых мовах, а самое імя творцы можна аднесці да «вернутых» – па-беларуску пра яго да 2023 года ніколі не пісалі.

Можна было б меркаваць, што такі ўнікальны кантэнт у беларускай «Вікіпедыі» мусіў бы выдавацца першым для канкрэтнага беларускага запыту. Але яго няма ні ў першым, ні ў другім, ні нават у апошнім радку выдачы «Google». Уверсе паказваецца смеццевы сайт, які крадзе змесціва з «Вікіпедыі». А патрэбны артыкул ад «Google» атрымаць так і не ўдаецца, хаця расейскі «Яндекс» выдае яго першым.

Артыкул у беларускай «Вікіпедыі» пра Сцяпана Валансевіча.
Фота: скрыншот з беларускай «Вікіпедыі»

«Гэта ўсё да пытання, чаму ў беларускай «Вікіпедыі» праглядаў з Беларусі – на статыстычную хібу. А вы паспрабуйце яшчэ трапіць у яе праз «Google»!» – прыводзіць словы аднаго з вікіпедыстаў выданне.

Журналісты выдання звярнуліся па каментар да аднаго з рэдактараў «Вікіпедыі», які пацвердзіў, што з гэтай праблемай сутыкнуліся ўжо даўно.

«Спачатку нам здавалася, што такая выдача ў «Google» грунтуецца на тым, што расейская «Вікіпедыя», якую пішуць значна больш аўтараў, проста больш якасная і распрацаваная, а таму яе выдае пры пошуку першай. З часам сітуацыя змянілася – памер артыкулаў у пэўных тэмах стаў большым за памер аналагічных артыкулаў, напісаных па-расейску, а некаторыя проста не маюць расейскай версіі. Але ў выдачы нічога не змянілася на карысць нашай «Вікіпедыі».

Апошнім часам мы супаставілі свае разрозненыя назіранні і прыйшлі да высновы, што алгарытмы «Google» паніжаюць беларускамоўную версію ў выдачы. Выдача працуе памылкова не ў 100 % выпадках, умоўнага Касцюшку і Каліноўскага вам выдасць, але ў астатніх выпадках праблема настолькі заўважная і месцамі абсурдная, што яе немагчыма ігнараваць.

Трэба, каб нехта размаўляў з працаўнікамі кампаніі, тлумачыў асаблівасць беларускай моўнай сітуацыі, каб неяк змяніць сітуацыю. Але самі вікіпедысты не маюць нейкай арганізаванай структуры для гэтага», – пракаментаваў «Нашай Ніве» сітуацыю суразмоўца.

Яшчэ адной прычынай праблемаў з беларускай «Вікіпедыяй» магло стаць агульнае пагаршэнне якасці пошуку «Google», якое адзначаюць эксперты. Пошукавік прайграе вайну смеццевым сайтам, сярод якіх пірацкія копіі «Вікіпедыі», а таксама паказвае няякасны кантэнт уверсе выдачы.

Нагадаем, што «Google» застаецца самым папулярным пошукавікам у Беларусі, ім карыстаюцца 66,3 % беларускіх інтэрнаўтаў, следам за ім стаіць расейскі «Яндекс» (32,0 %). Летась было 76,2 і 21,9 % адпаведна  – карыстальнікі пераходзяць з «Google» на «Яндекс». Гэта відаць нават у папулярных пошукавых запытах у «Google», дзе слова «Яндекс» – на 4-м месцы. Такія дадзеныя прыводзяць аналітыкі «DataReportal» у сваёй аналітыцы пра інтэрнэт-карыстальнікаў з розных краінаў свету, у тым ліку і з Беларусі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў