«Маюць духоўны суверэнітэт». Міністр замежных справаў Літвы заступіўся за правы беларусаў


Прэзідэнт Літвы наклаў вета на законапраект аб абмежаваннях для грамадзянаў Беларусі і Расеі ў пытаннях легалізацыі ў Літве, бо ўхвалены Сеймам тэкст уводзіў новыя значныя абмежаванні толькі для расейцаў, а не беларусаў. Сейм можа пераадолець вета – і мае падтрыманне прэм’еркі і міністра замежных справаў.

Габрыелюс Ландсбергіс. 
Фота: lrt.lt

Міністр замежных справаў Літвы і лідар партыі з кіроўнай кааліцыі «Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты» Габрыелюс Ландсбергіс, як перадае «Delfi», паведаміў 18 красавіка, што будзе падтрымліваць Сейм у галасаванні за пераадоленне вета прэзідэнта Гітанаса Наўседы на законапраект аб абмежаваннях для грамадзянаў Беларусі і Расеі.

Ландсбергіс заявіў, што не памятае, каб Сейм патрабаваў аднолькавых санкцыяў для беларусаў і расейцаў, але памятае, што дыскусія некалькі месяцаў вялася аб дадатковых праверках для грамадзянаў Расеі, але не Беларусі. Ён таксама сказаў, што не разумее, аб якой непаслядоўнасці можа казаць прэзідэнт: паводле яго, усе ведамствы Літвы згадзіліся ў тым, што беларускае грамадства трэба ацэньваць не так, як расейскае, у плане вайны ва Украіне.

«Мне здаецца, што мы ўсе раней дамовіліся, што беларускае грамадства мы ацэньваем як тое, якое змагалася за сваю свабоду, дэмакратыю, – казаў Ландсбергіс. – Нягледзячы на тое, што гэта палітычныя паняцці, мы разумеем, што за гэтым стаіць практычнае значэнне. У 2020 годзе на барацьбу з рэжымам у Менску вышлі сотні тысячаў чалавек. Такіх спробаў змагацца ў Расеі мы не бачым».

Ён адзначыў і тое, што беларуская апазіцыя ў Літве неаднаразова прасіла літоўскіх палітыкаў пабачыць розніцу між беларусамі і расейцамі. Імаверна, Ландсбергіс мае на ўвазе офіс Святланы Ціханоўскай, на просьбы якога спасылаўся раней.

«Беларусы валодаюць тым, што мы называем духоўным суверэнітэтам, – заявіў Ландсбергіс. – Гэта людзі, якія выказалі сваю пазіцыю і стаўленне да свабоды, дэмакратыі, да тых каштоўнасцяў, якія важныя для нас».

Каментар
Офіс Ціханоўскай пачаў працу з дэпутатамі Літвы, каб беларусаў і расейцаў падзялялі ў абмежаваннях
2023.04.14 20:25

Пераадоленне вета ўскосна падтрымала і прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце: яна сказала, што закон усё ж трэба прыняць з улікам заўваг прэзідэнта ці без уліку, але дадала, што Сейм шмат абмяркоўваў тое, ці ўключаць новыя абмежаванні для грамадзянаў Беларусі, і такіх дыскусіяў у Сейме было больш, чым ва ўрадзе. Яна дадала, што «не здзівіцца», калі Сейм скасуе вета.

Старшыня камісіі Сейму ў нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынас Касчунас раней заяўляў, што Сейм мусіць застацца пры сваёй версіі законапраекту з «адшліфаванымі» папраўкамі, а вета прэзідэнта «не мае вялікіх перспектываў». Ды як у кіроўнай кааліцыі, так і ў апазіцыі выказваюць розныя меркаванні – у тым ліку і за тое, каб ужываць аднолькавыя абмежаванні ў дачыненні беларусаў і расейцаў.

Для пераадолення вета патрэбныя галасы большай паловы Сейму – 71 дэпутата. Калі Сейм прымаў законапраект аб розных абмежаваннях для грамадзянаў Беларусі і Расеі, «за» галасавалі 76 дэпутатаў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў