Івонка Сурвіла: Абарона Украіны – святая справа для кожнага ва ўсім цывілізаваным свеце


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да беларускіх ваяроў, якія змагаюцца на баку Украіны пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.

Івонка Сурвіла выступіла з відэазваротам да беларусаў, у якім вітае беларусаў батальёну імя Каліноўскага, якія трымаюць у руках зброю пад нацыянальнымі сімваламі – бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй».

У першы дзень расейскай агрэсіі супраць Украіны Рада БНР, як гістарычнае дзяржаўнае кіраўніцтва Беларусі на выгнанні, абвясціла, што «разглядае любую падтрымку, якую беларусы ў Беларусі і ўсім свеце будуць аказваць украінскаму народу і дзяржаве ў справе абароны суверэнітэту Украіны ад вонкавай агрэсіі, а таксама такую падтрымку трэцім бакам, якія б дзейнічалі ў названых мэтах, як адпаведную доўгатэрміновым інтарэсам нацыянальнай бяспекі Беларусі».

«Абарона Украіны ці дапамога абароне Украіны – святая справа для кожнага ва ўсім цывілізаваным свеце. Тым больш для найбліжэйшага суседняга народу – беларусаў.

Але для беларусаў дадатковая важнасць ёсць у тым, што перамога Украіны неабходная і для нашае нацыянальнае перамогі, для вызвалення Беларусі.

Трэцяя святая справа ёсць у тым, што беларускі збройны добраахвотнік, баронячы Украіну, сваёй крывёю і жыццём ратуе гонар беларускага імя перад украінцамі і народамі цывілізаванага свету – у той час, калі Лукашэнка ўвайшоў у злачынную змову з Пуціным супраць перш беларускага народу, а пасля і супраць Украіны.

Я маю гонар вітаць усіх беларусаў, якія робяць гэтыя святыя справы ў шэрагах Збройных сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі Украіны, Інтэрнацыянальнага легіёну абароны Украіны, у тэрытарыяльных абаронах Украіны.

Пачэсную справу робяць таксама беларускія цывільныя валанцёры, якія падтрымліваюць беларускіх і ўкраінскіх ваяроў ва Украіне і ў дыяспары: у Канадзе, ЗША, Польшчы, Чэхіі, Вялікай Брытаніі і паўсюль.

Вялікі гонар належыцца, безумоўна, усім беларусам, якія знаходзяць спосабы дапамагчы перамозе Украіны з самой Беларусі ва ўмовах палітычнага тэрору і часта з рызыкай для жыцця.

Так здаралася ў гісторыі нашых суседзяў, – як Чэхаславаччыны і Польшчы, – што асноваю для іх нацыянальнага войска сталіся іх нацыянальныя легіёны ў складзе войскаў іншых дзяржаваў.

Беларускае нацыянальнае войска, якое б не здрадзіла беларускаму народу – ані як найміт унутранага захопніка ўлады, ані як калабарант Крамля, – яшчэ мае з’явіцца. Гэта тое, чаго не хапіла для абароны незалежнасці БНР у 1918 годзе, і тое, што неабходна для незалежнасці і вызвалення Беларусі цяпер. Я дзякую ўладам Украіны за стварэнне магчымасці беларусам змагацца за Украіну пад уласным нацыянальным сцягам.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!»

Мaю прaвa
«Я быў супраць сілавога рашэння». Гісторыя беларуса з батальёну Каліноўскага
2022.04.15 11:00

belsat.eu

Стужка навінаў