«Нічога пра нелегітымнасць "галасавання"». Рада ЕЗ выказалася пра выбары ў Расеі


Рада ЕЗ асуджае правядзенне расейскіх выбараў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, але пра выбары ў Расеі такога не кажа. Гэта вынікае з заявы вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ Жузэпа Бурэля.

Жанчына кідае свой бюлетэнь на выбарчым участку падчас прэзідэнцкіх выбараў у пасёлку Горкі Ленінскія ў Маскоўскай вобласці, Расея. 15 сакавіка 2024 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

«Прэзідэнцкія выбары, праведзеныя ў Расеі 15–17 сакавіка, праходзілі ў вельмі абмежаваных умовах, якія пагаршаюцца таксама незаконнай агрэсіўнай вайной Расеі супраць Украіны.

Расейскія ўлады працягваюць узмацняць сістэматычныя ўнутраныя рэпрэсіі, пераследуючы апазіцыйных палітыкаў, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, незалежныя медыі ды іншыя крытычныя сілы з дапамогай рэпрэсіўнага заканадаўства і палітычна матываваных турэмных прысудаў», – адзначаецца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што да выбараў не былі дапушчаныя шмат якія кандыдаты, што пазбавіла расейцаў рэальнага выбару. Расейскія ўлады не запрасілі таксама назіральнікаў з БДІПЧ АБСЕ.

«Акрамя таго, Еўрапейскі Звяз рашуча асуджае незаконнае правядзенне так званых выбараў на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны: у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопалі, а таксама ў асобных раёнах Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў. Так званыя выбары на гэтых тэрыторыях уяўляюць з сябе яшчэ адно відавочнае парушэнне Расеяй міжнароднага права, уключаючы Статут ААН, а таксама незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці Украіны. Мы заклікаем Расею паважаць міжнародна прызнаныя межы і суверэнітэт Украіны. Еўрапейскі Звяз зноў заяўляе, што ён не прызнае і ніколі не прызнае ні правядзення гэтых “выбараў” на тэрыторыі Украіны, ні іх вынікаў. Яны не маюць юрыдычнай сілы і не могуць мець ніякіх прававых наступстваў. Палітычнае кіраўніцтва Расеі і тыя, хто мае дачыненне да іх арганізацыі, сутыкнуцца з наступствамі гэтых незаконных дзеянняў», – падкрэсліваецца ў паведамленні.

Нягледзячы на падтрыманне Украіны ў пытанні выбараў, у заяве ЕЗ не прагучала некаторых важных рэчаў, заўважыў журналіст радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк.

«Нічога пра нелегітымнасць “галасавання” – у адрозненне ад нядаўніх “выбараў” у Беларусі. І ён асуджае галасаванне на акупаваных тэрыторыях Украіны, але не ў іншых краінах – кандыдатах у ЕЗ, такіх як Малдова і Грузія», – піша Юзьвяк у X.

Абноўлена
«Апоўдні супраць Пуціна» і 87 % нібыта за Пуціна. Вынікі выбараў у Расеі
2024.03.18 00:02

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў