Ізраільская геймінгавая кампанія «Playtika» забараняе працу з Беларусі


Працаўнікам менскага офісу ізраільскай геймдэў-кампаніі «Playtika» паведамілі, што да 20 сакавіка яны мусяць вызначыцца – заставацца ў Беларусі ці рэлакавацца, бо фірма цалкам спыняе працу ў Менску, піша devby.io.

Адзін з офісаў кампаніі «Playtika». Крыніца
фота: app2top.ru

Пра закрыццё менскага офісу кіраўніцтва ізраільскай кампаніі «Playtika», што распрацоўвае онлайн-гульні, паведаміла яшчэ ў студзені. Частка каманды разлічвала, што зможа працаваць з Беларусі, але з афармленнем у Грузіі – такі варыянт нібыта абмяркоўваўся, аднак цяпер кампанія абвесціла, што магчымасць працаваць, калі ты фізічна застаешся ў Беларусі, цалкам адмяняецца.

Для тых, хто надумае застацца, 30 красавіка будзе апошнім працоўным днём – далей кампанія не будзе працаваць з тымі, хто фізічна будзе ў Беларусі. Офіс кампаніі ў Менску закрыты для большасці работнікаў з пачатку сакавіка.

Тыя, хто пагодзіцца на рэлакацыю, атрымаюць добрыя бонусы. Гэтак, працаўнікі, якія застануцца ў кампаніі да канца лета 2024 года, дадаткова атрымаюць выплату памерам чатыры заробкі. Тыя, што прапрацуюць да канца красавіка 2025 года, атрымаюць бонус памерам восем заробкаў.

«Каля месяца таму былі перагляды заробкаў. Цяпер павінны дадаць 600 долараў да заробку, каб кампенсаваць выдаткі ў іншай краіне», – распавяла крыніца devby.io.

Аб’ектыў
Колькасць ІТ-спецыялістаў у Беларусі скарачаецца
2024.02.21 20:45

Выбар краінаў, у якія можна рэлакавацца, даволі шырокі. У чорным спісе краінаў, адкуль працаваць нельга, акрамя Беларусі ёсць Расея, Куба, Сірыя, Ліван, Іран, Паўночная Карэя і некаторыя ўкраінскія гарады.

«Playtika» дапаможа працаўнікам з атрыманнем візаў ды іншымі патрэбамі, звязанымі з рэлакацыяй, па меры магчымасці, аднак асноўныя пытанні «давядзецца развязваць самастойна», кажа крыніца devby.io.

Пра сыход з Беларусі ізраільскай геймдэў-кампаніі «Playtika» сталася вядома сёлета ў студзені. Анонс закрыцця офісу ў Менску супаў з глабальнымі скарачэннямі ў фірме. Паведамлялася, што скараціць плануюць 300–400 работнікаў у розных месцах. Каманда ў Менску чакала, што працу могуць страціць да 50 % офісу – каля 150 чалавек. Яшчэ ў лютым «са шмат якімі інжынерамі скончылі працоўныя адносіны, выплацілі ім заробак і гадавы бонус», паведаміла крыніца devby.io.

Як вынікае з фінансавай справаздачнасці кампаніі, за 2023 год яна атрымала 2,57 мільярда долараў выручкі. Гэта на 2 % ці амаль на 50 мільёнаў долараў менш, чым у 2022 годзе. Выручка кампаніі ўпала ўпершыню за апошнія тры гады. Кампанія не прагназуе значнага росту на 2024 год і чакае, што выручка можа скласці 2,52–2,62 мільярда долараў.

Чысты прыбытак «Playtika» за 2023 года ўпаў у параўнанні з 2022 годам амаль на 15 % і склаў 235 мільёнаў долараў. Таксама сталася вядома, што кіраўніцтва кампаніі адмовілася ад планаў яе продажу і пастанавіла пераарыентавацца на М&А-угоды. Да гэтага кампанію падштурхнула «цяперашняя нестабільнасць у Ізраілі і Украіне».

Раней кампанія ўжо праводзіла масавыя звальненні: гэтак, у траўні 2022 года звольнілі 250 асобаў у офісах у Лос-Анджэлесе, Манрэалі і Лондане. Пад канец 2022 года з «Playtika» звольнілі каля 610 чалавек, у тым ліку з менскага і варшаўскага офісаў.

Вядома, што ў 2021–2022 гадах «Playtika» рэлакавала шмат работнікаў з Менску ў варшаўскі офіс – тады гаворка вялася пра 300 чалавек (станам на 2021 год гэта была палова штату кампаніі).

Агляд
BEROC: IT-галіна Беларусі ачуняе толькі пасля «палітычных пераменаў» у краіне
2023.09.14 17:45

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў