МУС: на пратэстах у Беларусі могуць быць выкарыстаныя беспілотнікі


Намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў на прэс-канферэнцыі 17 сакавіка распавёў, з якімі мэтамі ў Беларусі будуць выкарыстоўвацца ўдарныя беспілотнікі, якімі надоечы аснасцілі спецназ і ўнутраныя войскі, паведамляе БелТА. Паводле чыноўніка, байцы навучаныя не толькі весці разведку, але і ажыццяўляць бомбамятанне з дронаў.

Дрон «Квадро-1400».
Фота: vpk.gov.by

Карпянкоў заявіў, што беспілотнікі дапамогуць байцам унутраных войскаў з выкананнем шэрагу розных задач. Напрыклад, з імі можна знайсці чалавека, які згубіўся ў лесе. Акрамя таго, дроны могуць быць карыснымі для выведкі.

«Усе памятаюць 2020 год. Былі масавыя беспарадкі, дзесьці рыхтаваліся засады, дзесьці скідвалі з дахаў бутэлькі і цэглу. А з дапамогай беспілотнікаў можна было агледзець усю тэрыторыю і вывучыць абстаноўку, каб скласці поўную карціну і эфектыўна працаваць невялікімі групамі», – сказаў намеснік міністра.

Акрамя таго, беларускія сілавікі цяпер вывучаюць досвед выкарыстання беспілотнікаў у вайне ва Украіне.

«Яны выкарыстоўваюцца для бомбамятання, пошуку мэтаў, забеспячэння сувязі. Ці тыя ж дроны-камікадзэ. Мы ўсё гэта прааналізавалі, загадам міністра ўнутраных спраў ва ўсіх органах унутраных спраў створаныя падраздзяленні адмысловага прызначэння беспілотнай лятальнай авіяцыі», – распавёў Карпянкоў.

Hавiны
Расея і Іран плануюць пабудаваць супольны завод для вытворчасці беспілотнікаў
2023.02.05 20:57

Беларускія ўнутраныя войскі, па словах намесніка міністра, навучаныя не толькі весці выведку з дапамогай дронаў, але і выконваць бомбамятанне.

«Усе цудоўна чулі пра сітуацыю, калі дыверсійна-разведвальнае падраздзяленне пад нейкім сцягам можа зайсці на нашую тэрыторыю і захапіць нейкі памежны гарадок, – зазначыў Карпянкоў. – Штосьці падобнае мы бачылі ў Расеі, калі дыверсанты праніклі адразу ў два населеных пункты Бранскай вобласці. І тут беспілотнікі могуць дапамагчы не трапіць у нейкую засаду. З дапамогай дронаў можна агледзець усю тэрыторыю, не падвяргаючы небяспецы жыцці нашых асабліва падрыхтаваных вайскоўцаў».

Пра тое, што беларускі спецназ і ўнутраныя войскі аснасцілі ўдарнымі беспілотнікамі, паведаміў міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў на прэс-канферэнцыі 2 сакавіка. Таксама ён сказаў, што масавай закупкай дронаў займаецца і міліцыя.

Абноўлена
Над Чорным морам расейскі Су-27 пашкодзіў амерыканскі беспілотнік. Дрон знішчаны
2023.03.14 20:43

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў