Фестываль сучаснага беларускага мастацтва ў Менску канчаткова адмянілі


Фестываль сучаснага беларускага мастацтва «Moving Art Festival».
Фота: movingartfactory.by

Перанесены раней фестываль сучаснага беларускага мастацтва «Moving Art Festival», які меў адбыцца ў сакавіку ў Менску, адмянілі.

Адкрыць фестываль планавалі 6 сакавіка. Затым адкрыццё перанеслі на 20, 27 сакавіка і 3, 9 красавіка, а цяпер стала вядома пра яго адмену.

«З 1 сакавіка 2021 года ў сувязі з абмежаваннем доступу ЗАТ «Гарызонт-Бізнес-Дэвэлапмэнт» да пляцоўкі, на якой месцілася нашая прастора, МАФ [«Moving Art Festival». – Рэд. Belsat.eu] зачыняецца і спыняе ўсю сваю дзейнасць на нявызначаны тэрмін», – паведамілі арганізатары.

Для вяртання квіткоў на фестываль варта запоўніць невялікую анкету.

Праз закрыццё фестывалю ў «закладніках» засталіся працы каля 40 мастакоў, паведамляе «Chrysalis Mag».

Паводле ўдзельніцы выставы Kate Shi, якая атрымала інфармацыю ад прадстаўніка «Гарызонту», арт-прастора MAF не аплачвала арэнды 6 месяцаў. У сувязі з гэтым уладальнік памяшкання зачыніў дзверы перад фэстам. На наступным тыдні на ўсю маёмасць MAF могуць накласці арышт.

Hавiны
«Так выглядае кашмар любога арганізатара». У Менску перанеслі фестываль сучаснага беларускага мастацтва
2021.03.06 15:03

«Moving Art Festival» – гэта адна з нешматлікіх у Беларусі пляцовак, дзе ў розных лакацыях сканцэнтраваныя напрамкі сучаснага мастацтва розных жанраў. З уваходным білетам на пляцоўцы MAF можна наведаць усе лакацыі: пабываць на тэатральнай пастаноўцы, узяць удзел у майстар-класах і працоўнях, паслухаць цікавую лекцыю, паглядзець і купіць працы мастакоў, пабываць на інструментальным канцэрце або танчыць да раніцы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў