17 лютага ў судзе Фрунзенскага раёну Менску скончылі разглядаць крымінальную справу ў дачыненні нашых каляжанак Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай. Сёння суддзя Наталля Бугук агучыла вырак: два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Столькі, колькі прасіла пракурорка.
Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову абвінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабою парушэнне працы грамадскага транспарту. Следства сцвярджала, што стрым журналістак з пратэставай акцыі 15 лістапада нібыта пацягнуў за сабою прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наагул не маюць дачынення да плошчы Пераменаў, дзе іх затрымалі).
10:10 Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову прызналі вінаватымі і прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Суддзя загадала залічыць час пад вартаю, як 1 дзень – 1 дзень калоніі. Таксама Наталля Бугук загадала забраць нататнікі, налепкі, тканіну і знішчыць. Відэакамеру, мікрафон, штатыў сканфіскавалі на карысць дзяржавы.
Маёмасць дзяўчат – флэшкі, дыктафон, ноўтбукі, мабільныя тэлефоны, 0,72 рубля на рахунку Кацярыны, 0,05 рубля з іншага ейнага рахунку, фотаапарат – вызваліць ад арышту і перадаць назад.
Суддзя: Абвінавачаная, ці зразумелі вы прысуд?
Кацярына: Не. Што гэта?
Дар’я: А чаму не 25 гадоў?
Каля дзвярэй і рамак людзі даведаліся пра вырак. Чуваць, як хтосьці плача.
09:50 Каля суда зноў стаіць бус з АМАПам. На апошняе паседжанне прыйшлі прадстаўнікі дыпламатычнай місіі.
Каля судовай залы сабраліся каля 40 чалавек. Тут таксама бацькі Кацярыны і Дар’і. Пачалі запускаць сваякоў і адвакатаў.