Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэзідэнткай «Google», перадала просьбы беларусаў


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў швейцарскім Давосе сустрэлася з віцэ-прэзідэнткай кампаніі «Google» Анэтэ Крэбэр-Рыль, расказаў Офіс Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская і віцэ-прэзідэнтка «Google» Анэтэ Крэбэр-Рыль
Святлана Ціханоўская і віцэ-прэзідэнтка «Google» Анэтэ Крэбэр-Рыль. Давос, Швейцарыя. 18 студзеня 2024 года.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Святлана Ціханоўская наведала ў Давосе «Дом Google», сустрэлася з прадстаўніцай кампаніі, абмеркавала шэраг пытанняў і перадала спіс канкрэтных запытаў ад беларускіх журналістаў і грамадзянскай супольнасці, а таксама дамовілася на наступную сустрэчу з Анэтэ Крэбэр-Рыль на Мюнхенскім форуме бяспекі 16–18 лютага.

Просьбы тычыліся наступнага:

  1. прыярытэзацыі беларускага кантэнту над расейскім для карыстальнікаў з нашай краіны;
  2. лакалізацыі сэрвісаў «Google» для Беларусі;
  3. падтрымання беларускамоўнага кантэнту;
  4. надання інструментаў «Google», а таксама арганізацыі трэнінгаў для медыяў і грамадзянскай супольнасці;
  5. стварэння беларускага інтэрфейсу сэрвісу «Gmail».

Дэмакратычныя сілы Беларусі даўно дамагаюцца ад буйных IT-кампаніяў падтрымання Беларусі і лакалізацыі сэрвісаў, кантактуюць таксама з распрацоўнікамі Facebook, X, TikTok, Netflix.

Справа не толькі ў тым, што IT-гіганты мала ўвагі надаюць беларускай мове і прапануюць беларусам спажываць расейскі кантэнт, але і ў тым, што дзяржаўным медыям даюць прыярытэт над недзяржаўнымі. На апошняе звяртала ўвагу Еўрапейская камісія.

Каментар
Як Офіс Ціханоўскай пераконвае «Google» і «Facebook» падтрымаць беларусаў. Расказвае Вячорка
2024.01.09 16:43

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў