Стала вядома, што на судзе казала Дар'я Лосік


Берасцейскі абласны суд 18 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенай Дар’і Лосік. Муж Дарʼі журналіст Ігар Лосік таксама палітвязень. Праваабаронцы агучылі, што на судзе казала палітзняволеная.

Дар’я Лосік. Менск, Беларусь. 29 студзеня 2021 года.
Фота: Белсат

Падчас паседжання ў Берасцейскім абласным судзе 18 студзеня дзяржабвінаваўца запытала для Дар’і Лосік пакаранне ў выглядзе 2-х гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд агучаць 19 студзеня.

На пытанне суда, як Дарʼя ставіцца да ўсяго таго, што адбываецца, яна адказала:

«Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта з гонарам. Але разам са мной пакаралі маю сямʼю, у тым ліку маю малую дачку».

«Так, я не адмаўляю тое, у чым мяне абвінавачваюць. Але прашу зразумець, што апошнія два гады былі вельмі цяжкімі ў маім жыцці. І цяпер мне балюча ўсведамляць, што мая дачка ідзе ў сад або на шпацыр не са мной, дзеліцца сваімі перажываннямі таксама не са мной. Асабіста я ніякай шкоды нікому не нанесла. Вельмі прашу суд улічыць гэты факт пры вынясенні прысуду.

Гатовая панесці пакаранне, калі я заслугоўваю яго. Але мне б вельмі хацелася, каб яно не перашкодзіла маёй дачцэ ў бліжэйшы час убачыць мяне і сказаць: «Мама, ты смешная, я цябе вельмі люблю», – сказала Дарʼя.

Дар’ю Лосік, жонку палітычнага вязня і журналіста радыё «Свабода» Ігара Лосіка, затрымалі 18 кастрычніка 2022 года. Сілавікі прыйшлі дамоў да Лосікаў а 8:00, сама Дар’я з двухгадоваю дачкою Паўлінай яшчэ спала. 1 лістапада Дар’ю прызналі палітзняволенай. Цяпер дачка Дарʼі ды Ігара застаецца ў бабулі з дзядулем, бацькоў Дар’і.

Гісторыі
Пачалі судзіць Дар’ю Лосік. У чым яе вінавацяць і за што напраўду схапілі?
2023.01.18 14:14

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў