«Гэта наш сцяг нас грэе»: беларусы Беластоку ладзяць акцыі ў палонцы і даюць парады для навічкоў на Вадохрышча


Штотыдзень на пляжы ў Беластоку група беларусаў акунаецца ў палонку з бел-чырвона-белымі сцягамі. 19 студзеня, на Вадохрышча, яны зноўку сабяруцца для таго, каб нагадаць пра беларускіх палітвязняў і выказаць сваю салідарнасць.

Распыталі ў арганізатараў падрабязнасці, а таксама даведаліся парады для тых, хто акунаецца ў палонку ўпершыню.

Купанне беларусаў Беластоку ў ледзяной вадзе 16 студзеня 2022 года. Фоты: чытачы Белсату

Падобныя акцыі актывісты беларускай дыяспары ў Беластоку пачалі праводзіць яшчэ напрыканцы 2020 года: у Польшчы былі ўведзеныя абмежаванні з-за каронавірусу, таму стала немагчымым афіцыйна збірацца каля беларускага консульства ці ў цэнтры гораду для правядзення палітычных акцыяў.

«У нас была ідэя сабраць беларусаў Беластоку на маржаванне, каб яны прыйшлі, пазнаёміліся паміж сабой. На першай акцыі запісалі відэа, зрабілі фота ў падтрымку палітвязняў. Ёсць касцяк людзей, якія ўдзельнічаюць у акцыях, ёсць тая, хто далучаецца час ад часу. Усе яны – беларусы, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з-за палітычных прычынаў», – распавёў Белсату Ян Абадоўскі, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Беластоку.

За апошнія паўтары гады актывісты правялі больш за 150 розных акцыяў – аўтапрабегі, велапрабегі, шэсці, пікеты і г.д.

«Мы робім тое, што ніводная іншая беларуская дыяспара не праводзіць, пастаянна шукаем штосьці новае. Маржаванне – гэта таксама новая з’ява. Мы бачым, што адбываецца ў нас на радзіме, таму стараемся збірацца кожны тыдзень, каб ладзіць акцыі ў падтрымку не толькі палітвязняў, а наогул беларусаў, якія застаюцца ў Беларусі і працягваюць змаганне», – адзначае наш суразмоўца.

У беларускай дыяспары ў Беластоку налічваецца 6-7 тысяч чалавек, найбольш актыўныя – каля 100 асобаў. Але на шэсці прыходзіла і па 300-400 асобаў.

«У нас баявы настрой. Людзі, якія зараз удзельнічаюць у акцыях у палонцы, ніколі не маржавалі ў Беларусі ці Польшчы. Мы заўсёды кажам, што гэта наш сцяг нас грэе. Людзі, калі ўпершыню залазілі ў халодную ваду, стаялі там па 5-7 хвілін і адчувалі сябе цалкам добра. Мы загартоўваемся, але яшчэ, калі мы залазім у сапраўды халодную ваду, то хочам паказаць гэтым, што так, гэта холадна, але вязням, якія сядзяць за кратамі ў Беларусі, значна горш, чым нам. Нас грэе тое, што мы такім чынам паказваем сваю салідарнасць з усімі гэтымі людзьмі, якіх ужо больш за 1000», – адзначае Ян Абадоўскі.

Акцыя салідарнасці беларусаў Беластоку 16 студзеня 2022 года. Фоты: чытачы Белсату

Актывісты плануюць правесці чарговую акцыю ў палонцы на Вадохрышча і запрасілі далучыцца ўсіх ахвотных. Яны гатовыя дапамагчы ўсім, хто будзе акунацца ўпершыню.

«Для тых, хто будзе купацца першы раз, раім узяць з сабой наступныя рэчы: плаўкі ці купальнік, шапку, рукавіцы, шкарпэткі ці тапкі, ручнік і гарачую гарбату. Таксама просім браць з сабой шырокае адзенне, якое не скоўвае рухаў, адмовіцца ад вузкіх джынсаў, якія пасля маржавання будзе цяжка на сябе нацягнуць.

Знаходзіцца ў палонцы 10-15 секунд – цалкам нармальна. Для тых, хто робіць гэта першы раз, лепш не акунацца з галавой. Таксама калі ў вас прастуда ці высокі ціск, то лепей купанне адкласці. А так – купанне ў палонцы нават карыснае, у нас ніхто пасля гэтага не хварэў», – раіць наш суразмоўца.

Інтэрв’ю
Аляксандра Герасіменя прадала другі медаль праз NFT-аўкцыён. Што яшчэ выстаўляюць беларускія спартоўцы?
2022.01.18 16:34

СК, belsat.eu

Стужка навінаў