Аляксандра Герасіменя прадала другі медаль праз NFT-аўкцыён. Што яшчэ выстаўляюць беларускія спартоўцы?


Бронзавы медаль Аляксандры Герасімені прададзены на NFT-аўкцыёне за $ 19 700. Першы медаль (з трох прапанаваных), які Аляксандра заваявала на Гульнях-2012 у Лондане, купілі за $ 27 500. На аўкцыёне застаўся яшчэ адзін лот, выстаўлены кіраўніцаю Беларускага фонду спартовай салідарнасці – срэбра Лондану-2012 на дыстанцыі 100 м вольным стылем. І ён – самы дарагі з усіх: прадаецца за ETH 11,5. Пракаментаваць свежы продаж і патлумачыць, што такое NFT-аўкцыён, мы папрасілі выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Апейкіна.

Праз NFT-аўкцыён набываецца лічбавая ўласнасць на абʼект мастацтва ці іншы матэрыяльны прадмет. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: CHRISTIAN HARTMANN / Reuters / Forum

– NFT – гэта трэнд. І за такімі рэчамі трэба сачыць, калі ты хочаш сінхронна рухацца за ўсім светам, ісці ў нагу за прагрэсам і разумець, што адбываецца і ў які бок развіваецца гэты свет. Я NFT вывучаю амаль год. І нам трэба было якасна падрыхтавацца, даследваць поўнасцю тэму, вывучыць пляцоўкі, зрабіць 3D-мадэлі медалёў. І ў гэтым мы бачылі збольшага момант іміджавы. Я, напрыклад, не разлічваў, што наш першы NFT-аўкцыён так хутка адбудзецца. Настройваўся, што не раней за лета ў нас распачнуцца гандляванні і будуць нейкія прапановы. Гэты рынак вельмі непрадказальны: могуць цаніцца абсалютна, на першы погляд, малазначныя рэчы, а больш цікавыя лічбавыя копіі ці NFT-копіі могуць не мець аніякага кошту ці мінімальны кошт. Калі сцісла, то ўсё пераходзіць з рэальнага свету ў лічбавы, пра што пісалі фантасты. Будзе і далей адбывацца лічбаванне рэальнасці, і прадметы ў лічбавым свеце будуць мець такі ж або, можа, і большы кошт, чым прадметы матэрыяльнага свету.

– А як вы думаеце: у сучаснай Беларусі хтосьці займаецца гэтым пытаннем?

– Думаю, так. Ёсць адмыслоўцы, бо ўсё, што звязана з крыптасветам, з лічбавым светам – гэта робіцца часткаю нас. Але калі мы пачыналі NFT-аўкцыён і рэалізоўвалі NFT-копіі, NFT-медалі, то людзі, у Беларусі ў тым ліку, думалі, што гэта рэальныя лоты, матэрыяльныя. У якасці лота можа быць лічбавая копія крыжа ці NFT-копія крыжа Ефрасінні Полацкай, напрыклад. Або працы Цэслера, беларускіх мастакоў. Але гэта дакладна не нейкія вытворныя «саўка» ці беларускай дзяржпрапаганды. Толькі тое, што ў нармальным свеце сапраўды цэніцца. І натуральна, хтосьці павінен быць уладальнікам правоў гэтых матэрыяльных прадметаў. Таму што на NFT прымаецца толькі тое, што належыць менавіта табе. Можна выставіць Fix Price, і чалавек, які купляе гэты лот, па сутнасці робіць укладанні, прычым усё гэта ў крыптавалюце. Мы рабілі наш NFT-аўкцыён на пляцоўцы, якая працуе на крыптавалюце этэрыюм і мае там яшчэ некалькі платформаў. Адпаведна пакупнік робіць азначаныя ўкладанні. Купіў ён, напрыклад, медаль Аляксандры Герасімені за 7 этэрыюмаў, і гэты лот можа праз паўгода, напрыклад, узляцець у 10 разоў. То бок ён інвестуе ў сваю будучыню. Няма сэнсу выводзіць сродкі ў наяўныя. Лепей трымаць у крыптавалюце, выбудоўваць разлікі ў ёй, напрыклад, для дапамогі спартоўцам або палітзняволеным. Праз яе дапамагаць пералічваць сродкі. Бо гэта аніяк не адседжваецца. І хоць аўкцыёны адбыліся, але сродкі застаюцца ў той жа крыптавалюце на той жа пляцоўцы.

Аляксандра Герасіменя ў Варшаўскай студыі «Белсату». 21 кастрычніка 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Белсат

– Значыць, калі медалі Аляксандры Герасімені, выстаўленыя за $ 30 000–35 000 прадаюцца за $ 27 500 ці $ 19 700 – не значыць, што вы ў пройгрышы?

– Мы выстаўлялі медаль, напрыклад, за 6,2 этэрыюма. Гэтая крыптавалюта вельмі валатыльная (volatility – паказнік у кіраванні фінансавымі рызыкамі, які характарызуе зменлівасць коштаў на штосьці). Яна канверсуецца ў долары ЗША. На момант выстаўлення лоту гэтая сума была роўная $ 25 000, але потым «эфір» упаў, і атрымалася $ 19 700. Але да восені «эфір» зноўку вырасце, і курс будзе прыкладна $ 5500 за ETH 1. Адпаведна, кошт лота павялічыцца да $ 32 тысяч долараў. А па тэхналогіі блокчэйн 10 % з кожнага далейшага продажу будуць ісці ў гаманец Беларускага фонду спартовай салідарнасці. Мы не ведаем імёнаў тых, хто купляў медалі Аляксандры Герасімені. А можа гэта і адна асоба. Не ведаем і, магчыма, ніколі не даведаемся, калі ён ці яны сам не аб’явяцца. Калі на «eBay» мы, выстаўляючы рэальныя лоты, маглі пазнаёміцца з тымі, хто іх набыў, то на «OpenSea» практычна нерэальна гэта зрабіць. Там проста лічбавы нікнем, і абсалютна не зразумела, хто за ім стаіць. Але мы бязмежна, зразумела, удзячныя таму чалавеку ці тым людзям, асабліва калі гэта рабілася ў мэтах дасягнення нашай агульнай мэты.

Інтэрв’ю
Валейбаліст Артур Удрыс: Каб зараз рэжым рухнуў і мяне б запрасілі ў зборную, гэта была б сур’ёзная дылема
2022.01.09 19:23

– Карыстаючыся выпадкам, пацікаўлюся бліжэйшымі планамі Фонду.

– У нас ёсць цікавыя ідэі, прычым звязаныя не толькі з NFT. Ёсць прапановы, якія мы акурат хочам праводзіць менавіта праз «eBay». Як будуць прапановы і не ад спартоўцаў, мы з задавальненнем будзем дапамагаць. Але пакуль працуем толькі са спартоўцамі. Увогуле, на лічбавай пляцоўцы «OpenSea» ў нас будзе цэлая калекцыя ад атлетаў. Мы ўжо вядзем перамовы дзеля таго, каб алічбавіць лоты. Але зноў жа падкрэслю, што гэта перш за ўсё такая цудоўная іміджавая магчымасць, каб ствараць прэцэдэнты, якія будуць трымаць Беларусь у фокусе міжнароднай увагі. Да канчатковай перамогі. Мы ні ў якім разе не павінныя дапусціць «перагорнутай старонкі».

Адзін з новых лотаў будзе нават вельмі нечаканы. Акрамя таго, у бліжэйшых планах Фонду – Вялікі марафон свабоды, які мы разлічваем правесці з 20 да 27 сакавіка. Працягваем распрацоўваць праграму развіцця спорту ў новай Беларусі і выйдзем на фінальную стадыю – кейс УЕФА. Акрамя таго, Беларускі фонд спартовай салідарнасці становіцца інтэрнацыянальным.

Аналітыка
Найгоршы вынік за сем апошніх сезонаў. Ці справядліва зборная Беларусі па гандболе выбыла з чэмпіянату Еўропы?
2022.01.17 16:39

АП belsat.eu

Стужка навінаў