Кіраўнік Генштабу Цагалю ўзяў на сябе адказнасць за гібель трох закладнікаў у сектары Газа


Падчас наземнай аперацыі ў сектары Газа ізраільскія жаўнеры памылкова адкрылі агонь па трох закладніках, якія ўцяклі ад «Хамасу». Яны былі забітыя.

Закладнікі Ётам Хаім, Самэр Талялька і Алён Шамрыз.
Фота: timesofisrael.com

Трое закладнікаў – Ётам Хаім, Самэр Талялька і Алён Шамрыз – уцяклі з палону або былі кінутыя баевікамі «Хамасу» падчас адступлення. Пры набліжэнні ізраільскіх войскаў яны выйшлі з будынку без кашуль, трымаючы ў руках палку з белай тканінай. Аднак жаўнеры Цагалю падумалі, што гэта тэрарысты, якія хочуць зацягнуць іх у пастку, і адкрылі агонь. Двое закладнікаў былі забітыя адразу, яшчэ адзін атрымаў раненне і ўцёк назад у будынак. Затым салдаты пачулі крык аб дапамозе на іўрыце. Пасля гэтага яны зноў адкрылі агонь, і гэты закладнік таксама загінуў.

«Армія абароны Ізраілю і я як яе камандуючы нясем адказнасць за тое, што адбылося, і мы зробім усё, каб не дапусціць паўтарэння такіх выпадкаў пры працягу баявых дзеянняў», – заявіў начальнік генеральнага штабу Цагалю Гэрцы Галеві, паведамляе «The Times of Israel».

Ізраільскія вайскоўцы не разлічвалі, што хтосьці з закладнікаў у сектары Газа можа ўцячы самастойна. Цяпер у войска накіравалі новыя інструкцыі.

«Могуць узнікнуць новыя выпадкі, калі закладнікі ўцякаюць або застаюцца кінутымі падчас баявых дзеянняў, і на нас ляжыць абавязак і адказнасць выратаваць іх», – сказаў Галеві.

Паводле начальніка Генштабу Цагалю, салдаты, якія адкрылі агонь, парушылі правілы, што забараняюць ім страляць у людзей з белым сцягам, якія спрабуюць здацца. Галеві падкрэсліў, што закладнікі дзеялі правільна і зрабілі ўсё, каб вайскоўцы зразумелі, што яны не тэрарысты.

Разам з тым, Галеві адзначыў, што трагедыя адбылася падчас бою, калі вайскоўцы паўсюль адчувалі пагрозу. «Вы павінны разумець абставіны і асяроддзе, у якім дзеюць нашыя жаўнеры», – дадаў ён, нагадаўшы, што тэрарысты ва ўмовах баявых дзеяннях у густанаселеных раёнах пастаянна ладзяць засады і пасткі для ізраільцянаў.

З пачатку аперацыі ў сектары Газа загінуў 121 жаўнер Арміі абароны Ізраілю.

Hавiны
«Хамас» заявіў пра гібель траіх закладнікаў, у тым ліку 10-месячнага немаўляці
2023.11.29 19:51

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў