Паступовыя прасоўванні расейцаў на ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?


Белсат падводзіць вынікі 632-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 17 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі салдат фатаграфуе пралятаючы над ім верталёту. Данецкая вобласць, Украіна. 27 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваецца наступальная аперацыя Узброеных сілаў РФ.

Ва ўкраінскім Генштабе паведамляюць, што цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі чатыры атакі праціўніка каля сёлаў Сынькоўка і Петрапаўлаўка.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што расейцы паступова выціскаюць ЗСУ на купянскім кірунку. Асабліва цяжкая для ўкраінцаў сітуацыя фіксуецца каля Ліману Першага і Кіслоўкі.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» характарызуе баі на кірунку як пазіцыйныя: каля Сынькоўкі і Ліману Першага крыніца фіксуе толькі асобныя стралковыя баі, а каля сяла Тымкоўка ЗСУ стабілізавалі сітуацыю пасля нядаўніх прарываў праціўніка.

Адначасова з гэтым «Рыбарь» гаворыць пра дастатковую колькасць рэзерваў ЗСУ ў ваколіцах Купянску, што дазваляе ім працягваць трымаць абарону.

На суседнім ліманскім кірунку фіксуецца невялікая актыўнасць расейцаў каля сяла Дзіброва ў Луганскай вобласці.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ. Па інфармацыі ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў расейцы 18 разоў атакавалі каля населеных пунктаў іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка, але поспеху не дасягнулі.

У Deepstate пішуць, што адначасова з гэтым УС РФ павялічылі колькасць удараў артылерыі на паўночным фланзе каля сяла Багданаўка.

Hавiны
Даклад: Пад патранажам Лукашэнкі ў Беларусь з Украіны незаконна вывезлі больш за 2440 дзяцей
2023.11.17 08:38

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

На поўначы ад Данецку баі расейцы цягам содняў прынамсі 17 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Стэпавое, Аўдзееўка і Первамайскае. У Генштабе ЗСУ сцвярджаюць, што паўсюль сілы абароны краіны ўтрымалі свае пазіцыі.

Між тым аналітыкі Deepstate гавораць, што таксама расейцы атакуюць каля Новакалінавага, Танэнькага і Севернага. Акрамя гэтага адзначаецца, што яны фактычна прабілі ў лоб абарону ЗСУ ў прамысловай зоне самой Аўдзееўкі, і цяпер намагаюцца замацавацца. Пакуль гэта не дае зрабіць украінская артылерыя, але аналітыкі лічаць гэта часовымі мерамі. 

На захадзе ад Данецку Узброеныя сілы РФ ціснуць на пазіцыі ЗСУ ў Мар’інцы і Новаміхайлаўцы. Тут за содні ўкраінскія вайскоўцы адбілі не менш за 19 атак праціўніка. Зменаў па лініі фронту не зафіксавана.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці войскі РФ праводзяць штурмавыя дзеянні каля сяла Старамаёрскае, але пакуль не маюць поспеху.

У Запарожскай вобласці яны правялі шэсць атак каля сёлаў Работына і Вэрбовае, але пазіцыі бакоў засталіся нязменнымі.

Таксама баявыя дзеянні фіксуюцца каля суседняга сяла Навапрокапаўка.

Агляд
Зіма, тупік, бітва за ўвагу і трампістаў. Што заходнія медыі пішуць пра вайну ва Украіне
2023.11.13 17:41

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

На херсонскім кірунку ідуць сустрэчныя баі на левым беразе Дняпра каля населеных пунктаў Пойма, Пішчанаўка і Крынкі. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў мяркуе, што пакуль ніводны з бакоў не мае перавагі.

Між тым упершыню за доўгі час у Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра сітуацыю на левабярэжжы: гаворыцца, што ўкраінцы праводзяць дыверсійныя, рэйдавыя і выведныя дзеянні, разлічаныя на выцісканне праціўніка далей ад ракі, каб каб зрабіць горад Херсон недасяжным для артылерыі РФ.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў