«Мы раілі беларускі пашпарт спаліць ці з’есці». Інтэрв’ю з Аляксеем Францкевічам


Беларусаў падчас вайны не саджалі ў эвакуацыйныя цягнікі праз беларускі пашпарт, на блокпастах былі вялікія праблемы. Пашпарт дзяржавы, якую прызнаюць суагрэсарам у вайне Расеі супраць Украіны, не спрашчае там жыцця. Дабрачынны фонд «Вольная Беларусь» намагаецца хоць крыху дапамагчы беларусам ва Украіне. Падрабязнасці — у інтэрв’ю Ірэны Кацяловіч з Аляксеем Францкевічам, кіраўніком фонду. Як збудаваць добрыя стасункі паміж беларусамі і ўкраінцамі? Якія праблемы беларусаў удаецца развязаць, нягледзячы на цяжкую сітуацыю?

Аляксей Францкевіч
Аляксей Францкевіч, кіраўнік дабрачыннага фонду “Вольная Беларусь”.
Фота: прыватны архіў

Банкаўскія карткі беларусаў усцяж заблакаваныя ва Украіне?

На жаль, так. Карткі заблакаваныя, бо распараджэнне Нацыянальнага банку не скасаванае. Ёсць персанальныя магчымасці разблакаваць, агульнай мажлівасці для ўсіх беларусаў не існуе. Гэта дрэнна, бо большасць беларусаў праз гэта з’ехала з Украіны. Праз гэта шмат хто сюды не едзе. Тут не стае беларусаў, валанцёраў, якія б рабілі шмат рэчаў, якія трэба рабіць ва Украіне.

Ад побытавых пытанняў да брутальных выпадкаў. З якімі праблемамі агулам сутыкаюцца беларусы падчас вайны?

Яны сутыкаліся з пачатку поўнамаштабнага ўварвання, бо беларускі пашпарт быў небяспечны для жыцця.Калі мы займаліся эвакуацыяй беларусаў, мы раілі беларускі пашпарт выкінуць, бо праз яго людзей не саджалі ў эвакуацыйныя цягнікі, аўтобусы. Была вялікая праблема на блокпастах.

З беларускім пашпартам было цяжка і небяспечна.

Цяпер з беларускім пашпартам людзі сутыкаюцца са шмат якімі пытаннямі: мінанне мяжы, побытавыя моманты, выпісаць страхоўку, зрабіць натарыяльны пераклад. Быў выпадак – беларус спаў у кватэры, куды быў прылёт, ён застаўся без дакументаў. Праблемы існавалі да поўнамаштабнага ўварвання. Я маю на ўвазе міграцыйнае заканадаўства. Цяпер іх стала больш.

Ці можна сказаць, што нейкім чынам – можа, не праз беспасярэднія дырэктывы і забароны – ствараюцца перашкоды, каб беларусы рэалізоўваліся прафесійна ці ў бізнесе?

На беларусаў Украіна не мае часу. У іх вайна і шмат сваіх пытанняў. Я думаю, яны не займаліся ні пытаннем заблакаваных картак, паводле якога крытэру зразумець, добры беларус ці дрэнны. Дзе гарантыя, што праз гэты рахунак грошы не пойдуць на падтрыманне калабарантаў, агрэсараў і акупантаў? Прасцей заблакаваць, а пасля будзем разбірацца. У мяне адбылася сустрэча з першым намеснікам міграцыйнай службы Львова і Львоўскай вобласці, на якой мы абмяркоўвалі пытанне легалізацыі беларусаў. Адказ: у заканадаўстве адносна беларусаў нічога не змянілася. Кожны выпадак трэба разглядаць асобна, бо так шмат пытанняў: і пра пашпарт серыі РР, і даведкі пра несудзімасць, апастылі. Відавочна, беларусы гэтых дакументаў падаць не могуць.

Якога ўзроўню праблемы ўдаецца развязаць высілкамі фонду «Вольная Беларусь»?

Нядаўна нам удалося вярнуць ва Украіну беларуса, якога прымусова вывезлі ў Польшчу. Мы ўжо падалі ў міграцыйную службу дакументы, і на 90 % я ўпэўненая, што мы яго легалізуем. Мы спатыкаемся з гэтымі пытаннямі пастаянна, бо з сакавіка 2022 года мы запусцілі гарачую лінію, каб усе беларусы, якія ва Украіне сутыкнуліся з праблемамі, маглі тэлефанаваць. Нейкім чынам старацца ім дапамагчы псіхалагічна, медычна, гуманітарна. Беларусы ва Украіне афіцыйна прызнаныя нацыянальнаю меншасцю. Да вайны паводле колькасці яны займалі другое месца пасля расейцаў. Беларусы, якія прыехалі пасля падзеяў 2020 года, на жаль, пасля вайны 90 %, на маё меркаванне, з’ехалі. І тут засталіся беларусы. Рэжым Лукашэнкі кінуў беларусаў, яны забралі сваіх прадстаўнікоў. А беларусаў засталося шмат. Паводле афіцыйнай статыстыкі, да 175 тысяч беларусаў, якія пражывалі ва Украіне. Такая колькасць беларусаў пакінутая сам-насам з праблемамі.

Калі ніхто цэнтралізавана не развязвае пытання беларускай меншасці ва Украіне, то хто намагаецца развязаць гэтыя праблемы?

Мы кожны дзень штосьці робім. Была створаная фотавыстава «З Украінай у сэрцы», прысвечаная беларускім героям, якія аддалі сваё жыццё, пачынаючы з 2014 года. Спачатку мы іх рабілі ў адміністрацыйных будынках, каб былі прадстаўнікі ўлады. Каб ва ўкраінскай улады сфармулявалася нейкая стратэгія ў развязанні пытанняў беларусаў. Цяпер мы сталі гэта рабіць у навучальных установах. Каб студэнты, моладзь бачылі беларускіх герояў. Каб яны прыходзілі і ўдома апавядалі. Каб з імёнамі беларускіх герояў асацыявалася не толькі вольная і незалежная Украіна, але і Беларусь. Гэтак мы мяняем стаўленне да беларусаў. Усім відавочна, што паміж Беларуссю і Украінаю – вялікая мяжа. Відавочна, што сутыкнуць ілбамі два народы выгадна толькі Крамлю. Відавочна, што трэба паміж нашымі народамі выбудоўваць партнёрскія, суседскія дачыненні. Я думаю, беларускай праблематыцы будзе ўдзяляцца больш увагі. Трэба, каб не забывалі пра беларускую дыяспару, пачыналі з ёю размаўляць. Нам трэба фармавацца як нацыі, таму трэба адстойваць у першую чаргу і дапамагаць самым сабе.

Вы камунікуеце і з дзяржаўнымі інстытуцыямі, і з прыватнымі ініцыятывамі. Гэта пазітыўны досвед камунікацыі. Украінскія ініцыятывы такога кшталту ідуць вам насустрач?

Апошнім часам удаецца шмат чаго зрабіць, бо разумеюць важнасць пытання. На маю думку, сёння шмат што можна развязаць. Галоўнае – штосьці рабіць. Камунікаваць, сустракацца, апавядаць. Бо сёння недастаткова праўдзівай інфармацыі. Трэба супрацьдзеяць расейскай прапагандзе. Трэба выбудоўваць узаемаадносіны.

Я чула такое меркаванне, што ў часе вайны беларусаў выціскаюць – наўмысна альбо не – з Украіны. Вы пагаджаецеся з меркаваннем? 

Людзі, якія былі вакол мяне, у нашай арганізацыі, якія з першых дзён пайшлі валанцёрыць, хтосьці пайшоў добраахвотнікамі і цяпер ваююць. Семʼі з дзецьмі ці людзі сталага веку выехалі. Выехалі не адразу, бо трэба было за штось здымаць кватэру і жыць. Прадстаўнікі дыяспары, на маю думку, у большасці нікуды не зʼехалі. Яны асіміляваліся, інтэграваліся. У іх тут дом.

Становішча беларусаў і спектр іхных праблемаў мяняецца ў часе вайны ва Украіне.

На маю думку, у хуткім часе становішча не будзе мяняцца. Зʼявіцца час на гэтыя пытанні. І на добрасуседства, і на эканоміку, і бяспеку, будову партнёрскіх суседскіх стасункаў, пытанне працоўных рук. Скончыцца вайна ва Украіне – хто будзе выбудоўваць краіну? Тыя, хто зʼехаў, у большасці не вернуцца. У мяне былі сустрэчы з прадстаўнікамі навучальных установаў. Усё часцей гучыць пытанне, ці паедуць сюды беларусы вучыцца. Ужо ёсць зацікаўленасць, і такое пытанне пачынае гучаць.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» ад 17.11.2023

 

belsat.eu

Стужка навінаў