Беларус, які парэзаў сабе жылы ў аэрапорце Сочы пры экстрадыцыі, цяпер у Пружанскім ІЧУ


Юрый Касцюк, якога экстрадавалі з Расеі ў Беларусь, цяпер у ІЧУ ў Пружанах, паведамляе радыё «Свабода». Перад экстрадыцыяй 13 кастрычніка Касцюк парэзаў жылы проста ў аэрапорце Сочы. Сёння, 17 кастрычніка, расейскі суд павінен быў разгледзець ягоную скаргу на рашэнне аб экстрадыцыі.

Юрый Касцюк. Крыніца: spring96.org

Пасля інцыдэнту ў аэрапорце 24-гадоваму берасцейцу надалі медычную дапамогу, але пазней прыставы збілі яго і вярнулі ў Цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзянаў, распавядала ягоная адвакатка Марына Дубровіна.

Папярэдне, Юрыя Касцюка вінавацяць паводле арт. 361-4 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Паводле гэтага артыкулу ў Беларусі яму пагражае да сямі гадоў зняволення.

Раней беларус адбыў тэрмін за «знявагу дзяржаўных сімвалаў». Нібыта Юрый Касцюк ішоў з сябрамі каля гатэлю і падчас размовы тузануў дзяржаўны сцяг, які там вісеў. У выніку сцяг упаў, а адміністрацыя гатэлю запатрабавала ад маладзёна 58 рублёў за зламанае дрэўка. Таксама за гэта была пачатая крымінальная справа. Юрыя прызналі вінаватым паводле артыкулу 370 КК («Знявага дзяржаўных сімвалаў»). Юрый цалкам адбыў пакаранне і быў вызвалены 6 студзеня 2022 года.

Вядома, што 15 лютага 2022 года Юрыя зноў затрымалі, ён атрымаў адміністратыўны арышт за тое, што быў у тэлеграм-чаце, які прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Падчас адбывання пакарання да маладзёна завіталі супрацоўнікі КДБ. Касцюка моцна збілі, было падазрэнне пра зламанне рэбраў. Супраць Касцюка пачалі крымінальную справу паводле арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»).

Юрыя абвесцілі ў міждзяржаўны вышук, 15 траўня яго затрымалі ў аэрапорце Сочы.

Гісторыі
«Ніколі не пытайся ў зняволенага: «Як ты?..» Вялікая размова з Дар’яй Чульцовай – на 38-ы дзень пасля турмы
2022.10.13 18:30

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў