Мастак Дэ Лёс разам з belsat.eu узгадвае самыя рэзанансныя і абсурдныя падзеі апошніх дзён.
Следчы камітэт Беларусі пагражае «дабрацца» да кожнага актыўнага ўдзельніка пратэстаў ды прапануе прыйсці і добраахвотна прызнацца, каб змякчыць адказнасць. Пра гэта ў інтэрв’ю БелТА заявіў першы намеснік старшыні СК Алег Шандаровіч.
У выпадку прызнання, абяцае Шандаровіч, чалавека могуць вызваліць ад крымінальнай адказнасці, калі не ідзецца пра цяжкі склад злачынства. Таксама можна разлічваць на змяншэнне тэрміну ці памеру пакарання «як мінімум напалову ад магчымага».
Паводле прадстаўніка СК, планавая праца ў выяўленні актыўных удзельнікаў пратэстаў працягваецца.
Нобэлеўскі камітэт 8 кастрычніка абвясціў лаўрэатаў прэміі міру. Імі сталі філіпіна-амерыканская журналістка Марыя Рэса і расейскі журналіст, адзін з заснавальнікаў незалежнай «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў.
Нобэлеўскі камітэт прыняў рашэнне аб прысуджэнні прэміі міру з фармулёўкай «за высілкі па абароне свабоды выказвання меркаванняў, якая з’яўляецца перадумовай дэмакратыі і трывалага міру».
Ад 9 кастрычніка па ўсёй Беларусі ўвялі абавязковае нашэнне масак у грамадскіх месцах з выкананнем сацыяльнага дыстанцыявання.
Патрабаванні ўводзяць дзеля прафілактыкі COVID-19 і грыпу – прызнаюць «неспрыяльную сітуацыю» з каронавірусам па ўсіх рэгіёнах. Кантраляваць гэта будзе санітарна-эпідэміялагічная служба «супольна з зацікаўленымі, перш за ўсё МУС і Мінтрансам».
Міністэрства фінансаў задумала ўнесці праўкі ў Падатковы кодэкс. У праекце – падатак на кватэру, нават калі яна ва ўладальніка адна. Падатак складзе каля 50 рублёў на год для менчукоў, 25 рублёў – у рэгіёнах.
Колькі дакладна дзяржава збярэ з такога падатку, цяжка разлічыць: колькасць кватэраў у краіне не публікуюць у адкрытых крыніцах. Ды прыблізны парадак сумы – дзясяткі мільёнаў рублёў, але наўрад ці сотні мільёнаў.
Малюнкі Дэ Лёс belsat.eu