42-гадовы беларускі баец UFC Андрэй Арлоўскі перамог у сугалоўным баі турніру. Гэта яго 32-я перамога ў змешаных адзінаборствах.
Паядынак праходзіў у ноч на 17 кастрычніка на арэне UFC у Лас-Вегасе і доўжыўся ўсе тры раўнды.
Згодна з рашэннем суддзяў, Арлоўскі перамог Карласа Феліпе з Бразіліі, які маладзейшы за Арлоўскага на 16 гадоў. Такім чынам, беларус атрымаў 32-ю перамогу ў змешаных адзінаборствах.
«Я як Nike: проста зрабі гэта», – сказаў Арлоўскі аб сваёй здольнасці перамагаць падчас інтэрв’ю пасля бою.
Баец спаслаўся на афіцыйны слоган вядомай кампаніі «Nike» – «Just do it» [пер. «Проста зрабі гэта»], якая спецыялізуецца на спартыўнай вопратцы і абутку.
Ultimate Fighting Championship (UFC) – спартыўная арганізацыя, якая базуецца ў Лас-Вегасе і якая праводзіць баі па змешаных адзінаборствах па ўсім свеце з 1993 года. Першапачаткова UFC задумвалася стваральнікамі як аднаразовы турнір, які дазваляе вызначыць самае эфектыўнае баявое мастацтва.
АД, belsat.eu