Прамова Лукашэнкі на 17 верасня: антызаходняя рыторыка і ні слова пра амністыю


Аляксандр Лукашэнка выступіў з прамовай на праўладным форуме «Гэта наша гісторыя», які быў прысвечаны так званаму Дню народнага адзінства.

Інсталяцыя на Кастрычніцкай плошчы у гонар дня народнага адзінства. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Кажучы пра гісторыю Беларусі, ён заявіў, што заўсёды «ў саюзе з усходнеславянскімі суседзямі беларускія землі развіваліся», а ў «абдымках Захаду» беларусы загнівалі як нацыя. Лукашэнка выступіў у абарону пакта Молатава-Рыббентропа і заявіў, што Польшча нібыта «сама прывяла сябе да краху» ў 1939 годзе. А потым, падчас вайны СССР з Нямеччынай, савецкія ваяры «вызвалілі Польшчу ад фашызму».

«І хто там, па тым боку Буга, сёння аб гэтым успамінае? Чым нам сёння адказваюць? Картамі паляка, фэйкамі «Белсату», праграмамі Каліноўскага, палітэмігранцкімі цэнтрамі, байполамі, байсоламі і іншымі ідэалагічнымі дыверсіямі. Дадайце да таго, што на тэрыторыі гэтых дзяржаваў, і асабліва ва Украіне (знайшлі зручнае месца), сёння фармуюцца сілавыя падраздзяленні для звяржэння ўлады ў Беларусі і вяртання нас як мінімум да таго 1939 года», – заявіў Лукашэнка.

Потым Лукашэнка перайшоў да нападкаў на ЗША. Ён сцвярджае, што ЗША нібыта штурхаюць Еўропу ў ваеннае супрацьстаянне з Расеяй на тэрыторыі Украіны. Лукашэнка заявіў, што «распад Украіны ўжо пачаўся» і дадаў, што амерыканцы на гэтым не спыняцца: «Сёння Украіна, заўтра будзе Малдова ці Прыбалтыка, Польшча ці Румынія».

Лукашэнка зазначыў, што на беларускіх землях у розныя часы «ішлі разборкі буйных сусветных гульцоў». «Ну а мы, пры чым мы? Дык вось гэта галоўны ўрок для ўсіх. Для нас, хто жыве на тэрыторыі Беларусі. Для праўладных і не. Для апазіцыянераў і беглых. Мы павінны запомніць: калі мы не возьмем галаву ў рукі, то ў гэтым вось цяперашнім перадзеле свету мы зноў апынемся ў гэтым страшным палітыка-эканамічным замесе», – сказаў Лукашэнка.

«Таму асабістае ў бок! Толькі народ, толькі дзяржава!» – рэзюмаваў ён.

Пры гэтым Лукашэнка ў прамове нічога не сказаў аб амністыі да 17 верасня, якую раней сам анансаваў.

Аналітыка
Адзінства на крыві: што не так са святам 17 верасня?
2022.09.17 11:53
  • Нагадаем, пра падрыхтоўку амністыі да так званага Дня народнага адзінства было заяўлена на нарадзе 6 верасня. Лукашэнка тады казаў, што «ёсць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова», але «бандыты і экстрэмісты» не з гэтай серыі (нагадаем, слова «экстрэмізм» улады выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў і іншадумства).
  • Генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што пад амністыю могуць трапіць 8 тысяч чалавек. Таксама ён распавёў, што тыя, хто быў асуджаны па палітычных справах, могуць выйсці на свабоду праз інстытут памілавання. «Але толькі тыя, хто раскаяўся, усвядоміў і лічыць магчымым звярнуцца да прэзідэнта з просьбай аб памілаванні», – падкрэсліў ён.
  • На дзень 17 верасня ў Беларусі 1335 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў