Ці трэба беларусам у Літве хвалявацца пра сваю будучыню?


Пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года Літва стала адным з месцаў прытулку для шмат якіх беларусаў, якія ўцякалі ад рэпрэсіяў. Тут заснавала свой Офіс (а пазней і Аб’яднаны пераходны кабінет) беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, сюды актыўна перабіраўся беларускі бізнес. Але вайна ва Украіне, міграцыйны крызіс і іншыя фактары змянілі стаўленне некаторых літоўскіх палітыкаў да нашых суайчыннікаў, што жывуць у Літве. Што ўласна змянілася ў стаўленні да беларусаў, і ці могуць гэтыя дачыненні зрабіцца больш складанымі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Волі ў Вільні, Літва. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Беларусы – другая паводле колькасці група замежнікаў у Літве

Згодна са звесткамі Дэпартаменту міграцыі Літвы, колькасць беларусаў у нашай краіне-суседцы перавышае 58 000 чалавек. За паўгода ў Літву прыбылі больш за 10 000 нашых суайчыннікаў. Беларусы, пасля ўкраінцаў, – адна з самых вялікіх групаў іншаземцаў.

Як адзначыла Эвеліна Гудзінескайце, дырэктарка Дэпартаменту міграцыі, на беларусаў «не распаўсюджваюцца іміграцыйныя абмежаванні з-за ваеннай агрэсіі супраць Украіны, таму беларусы могуць бесперашкодна атрымаць від на жыхарства ў Літве».

Сапраўды, пасля выбараў 2020 года Літва шырока раскрыла дзверы тым, хто ўцякаў ад палітычнага пераследу ў Беларусі або выязджаў на знак нязгоды з саўдзелам беларускага рэжыму ў агрэсіі супраць Украіны ў 2022-м.

У Літве ствараліся спрыяльныя ўмовы для беларускіх уцекачоў, і там быў адзін з самых нізкіх узроўняў дыскрымінацыі ў дачыненні беларусаў. Так, паводле апытанняў, праведзеных у беларускай дыяспары ў жніўні 2022 года, толькі 16 % апытаных заявілі, што зазналі дыскрымінацыю ў Літве, у той час як у Польшчы і Грузіі гэтыя паказчыкі былі значна вышэйшыя: 31 % і 39 % адпаведна.

Прыйшоў у Літву і беларускі бізнес

Пераязджалі ў Літву не толькі асобныя беларускія грамадзяне, перабіраўся сюды і беларускі бізнес.

Так, згодна са звесткамі намесніка міністра эканомікі і інавацыяў Літвы Кароліса Жэмайціса, станам на красавік 2023 года ў Літве працавала 42 бізнес-праекты з беларускімі каранямі, з іх 30 – гэта IT-кампаніі. Пры гэтым агулам у краіне былі 4092 спецыялісты, рэлакаваныя з Беларусі, з іх у 2022 годзе прыехалі 1568 чалавек.

Акрамя таго, паводле намесніка міністра, 45 % ад колькасці выдадзеных у Літве Blue Card (а гэта каля 45 тысячаў за 2022 год), атрымалі менавіта беларусы.

Сярод кампаніяў, якія працуюць у Літве, значацца EPAM, Wargaming, Melsoft, вытворца аптычных прыцэлаў Yukon Advanced Optics Worldwide, Gurtam, а таксама Flo Health, Belka Games і іншыя.

Офіс кампаніі Wargaming Vilnius у Літве.
Фота: Wargaming.com

Паводле вынікаў першага паўгоддзя 2023 года, Wargaming Vilnius стала найбуйнейшым падаткаплатнікам з беларускім капіталам у Літве. Яна заняла 52-е месца ў топ-500 падаткаплатнікаў нашай суседкі (пазней на лідарскія пазіцыі ў гэтым паказчыку вырвалася кампанія EPAM).

Такім чынам, беларусы не толькі прасілі прытулку ў краіны-суседкі ад палітычнага ўціску рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, але і прынеслі ў літоўскую казну немалы прыбытак у выглядзе падаткаў, стварыўшы дадатковыя працоўныя месцы, на якіх працуюць не толькі беларусы.

Ураўнаваць беларусаў у правах з расейцамі?

Аднак у сувязі з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне, размяшчэннем на нашай тэрыторыі ядравай зброі і вялікім наплывам нелегальных мігрантаў у літоўскіх палітычных колах загаварылі пра тое, што неабходна не толькі ўзмацніць санкцыі супраць расейцаў і беларусаў (як грамадзянаў дзяржавы-суагрэсаркі), але і ўраўнаваць іх у правах (гэта значыць, не рабіць адрозненняў паміж імі на заканадаўчым узроўні).

Найбольшыя жарсці ў літоўскім палітыкуме выбухнулі ў красавіку 2023 года, калі літоўскі Сейм прыняў законапраект «Аб абмежавальных мерах у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны», у якім уводзіліся нацыянальныя санкцыі ў дачыненні грамадзянаў Расеі і Беларусі. Нагадаем, што незадоўга да гэтага (25 сакавіка) Уладзімір Пуцін заявіў, што ў Беларусь будзе пастаўленая тактычная ядравая зброя.

Паводле закону, прынятага 4 красавіка, цягам года рабіўся больш жорсткім парадак выдачы дазволаў на сталае і часовае пражыванне для расейцаў і беларусаў у Літве, а таксама парадак выдачы візаў. Пры гэтым беларусам, у адрозненне ад расейцаў, пакідалася магчымасць купляць нерухомасць у Літве без абмежаванняў, таксама іх не датычыла забарона на перамяшчэнне праз вонкавую мяжу Еўразвязу.

Аднак 14 красавіка прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў вета на гэты закон, і заклікаў парламентароў выпрацаваць адзіную пазіцыю што да абмежаванняў у дачыненні расейцаў і беларусаў.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. 9 жніўня 2023 года, Вільня.
Фота: Гітанас Наўседа/Twitter

«Прэзідэнт ухваляе мэту закону, якая мае за мэту прымяненне абмежавальных мераў у дачыненні грамадзянаў Расеі і Беларусі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй гэтых дзяржаваў супраць Украіны, аднак ён адзначае, што няма падставаў для ўстанаўлення рознага прававога рэгулявання для грамадзянаў дзвюх дзяржаваў-агрэсараў і прапаноўвае ўвесці аднолькавыя абмежавальныя меры да грамадзянаў абедзвюх дзяржаў», – адзначалася ў прэс-рэлізе, выпушчаным Офісам літоўскага прэзідэнта.

На прэзідэнцкае вета адрэагавалі некаторыя літоўскія чыноўнікі і дэпутаты Сейму Літвы, выказалася пра недапушчальнасць пакарання беларусаў за дзеянні рэжыму і дэмакратычная лідарка Святлана Цханоўская. У выніку літоўскі Сейм адхіліў прэзідэнцкае вета. Тым не менш, гэтае пытанне не было знятае з парадку дня, і яго абмеркаванне з новай сілай узнавілася пасля прыходу ў Беларусь наймітаў ПВК Вагнэра.

Трывожныя званочкі

У цэлым за паўтара года з пачатку вайны, паводле звестак літоўскага Дэпартаменту міграцыі, Літва анулявала 2905 відаў на жыхарства дла беларусаў і расейцаў. Акрамя таго, за гэты ж перыяд было анулявана 160 дазволаў на сталае пражыванне для грамадзянаў Расеі і Беларусі. Адна з магчымых прычынаў – калі пражыванне іншаземца ў Літве стварае пагрозу бяспецы дзяржавы ці грамадскаму парадку.

Адметна, што яшчэ ў лістападзе 2022 года літоўскія ўлады ўвялі спецыяльныя анкеты для беларусаў і расейцаў, якія звяртаюцца да іх па выдачу або працяг відаў на жыхарства і нацыянальных візаў. Адно з пытанняў у ёй – пра падтрымку вайны ва Украіне. Пры гэтым, паводле сведчанняў Дэпартаменту міграцыі, штодзённа ад 10 да 20 грамадзянаў абедзвюх краінаў заяўляюць, што падтрымліваюць расейскае ўварванне ва Украіну.

У ліпені 2023 года ў інфармацыйнай прасторы з’явіліся паведамленні пра тое, што некалькім супрацоўнікам беларускіх кампаніяў літоўскія ўлады скасоўваюць дазволы на працу. Пад такія захады трапілі некалькі беларусаў з Wargaming Vilnius, магчымая прычына – служба ў беларускай арміі паводле кантракту. Згодна з інфармацыіяй выдання DEV.BY, у іншых беларускіх кампаніях таксама сустракаліся падобныя выпадкі.

Пагроза на ўсходніх межах

Размяшчэнне некалькіх тысячаў наймітаў ПВК Вагнэра ў нашай краіне, правядзенне трэнаванняў з іхным удзелам каля заходніх межаў Беларусі прывялі да чарговага абмеркавання пытання пра абмежаванне беларусаў у правах і прыраўнанне іх да расейцаў.

На пачатку ліпеня пра неабходнасць зрабіць больш жорсткія санкцыі ў дачыненні грамадзянаў Беларусі зноў заявіў прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа. Ён адзначыў, што стаць грамадзянінам Беларусі можна, атрымаўшы беларускі пашпарт. Такім чынам, «людзі няяснага паходжання могуць падаць заяўку на ўезд у Літву з няяснымі намерамі», і гэтым рычагом могуць скарыстацца ўдзельнікі групоўкі Вагнэра.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскі памежнік. Літва. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

З падобнай заявай выступіла і прадстаўніца Камітэту нацбяспекі і абароны ў літоўскім Сейме Давіле Шакалене. Яна адзначыла, што праз Літву перамяшчаецца вялікая колькасць беларусаў, і гэтым могуць скарыстацца расейскія найміты. У сувязі з гэтым яна прапанавала вярнуцца да ініцыятывы прэзідэнта Наўседы: уніфікаваць абмежаванні для расейцаў і беларусаў.

Заклік абмеркаваць гэтае пытанне прагучаў і з вуснаў дарадцы літоўскага прэзідэнта Даруса Урбонаса. Ён адзначыў, што ў Літве жыве вельмі шмат беларусаў, і колькасць іх пастаянна павялічваецца, і палітык нагадаў, што гэта нясе рызыкі і пагрозы, пра якія ў свой час заяўляў Наўседа. Пасля ўраўнавання ўмоваў уезду беларусаў і расейцаў у Літоўскую Рэспубліку, на ягоную думку, быў бы зроблены «вялікі крок наперад».

Рэакцыя беларусаў і не толькі

9 жніўня беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская абмеркавала пытанне аб уніфікацыі абмежаванняў у правах у дачыненні беларусаў і расейцаў разам з Гітанасам Наўседам. Яна падзякавала Літве за дапамогу дзясяткам тысячаў беларусаў і сотням арганізацыяў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь з прычыны рэпрэсіяў, і заклікала літоўскага прэзідэнта не ўводзіць абмежавальных захадаў у дачыненні грамадзянаў нашай краіны. На ейную думку, гэта «гуляе на руку толькі расейскай і лукашэнкаўскай прапагандзе, дэмаралізуе беларусаў і абмяжоўвае працу грамадзянскай супольнасці».

Таксама абраная беларуская прэзідэнтка зрабіла заяву аб тым, што «беларусы не маюць і ніколі не будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў да сваіх суседзяў», і адзначыла, што «падтрымка Літвы і літоўскага народу патрэбнае сёння беларусам як ніколі, каб вырвацца з кіпцюроў расейскай тыраніі». Яна чарговы раз нагадала, што Лукашэнка – гэта не Беларусь, і не беларусы пагражаюць Літве, а рэжым і яго памагатыя.

На верагоднасць таго, што Літва ў выніку прыняцця згаданых абмежаванняў можа страціць хаўруснікаў сярод беларусаў, якія падтрымліваюць і перамены ў Беларусіі, і перамогу ва Украіне, і дэмакратычны шлях развіцця Літвы, звярнуў увагу кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак. Ён адзначыў, што беларусам, якія жывуць у Літве, патрэбныя стабільнасць і магчымасць планаваць сваю будучыню.

Андрэй Стрыжак.
Фота: Андрэй Стрыжак / Facebook

«З аднаго боку, спікер Сейму кажа, што неабходна адкрыць яшчэ адну беларускую школу, а на другі дзень дарадца прэзідэнта адзначае, што беларусаў у Літве вельмі шмат. Я, канечне, разумею, што «палітычных» беларусаў будуць трымаць да апошняга і не будуць высылаць, але я хачу нагадаць, што сярод тых, хто з’ехаў з Беларусі, няма тых, хто падтрымлівае Лукашэнку», – падкрэсліў Стрыжак у інтэрв’ю выданню «Delfi».

Падобную пазіцыю сфармуляваў і Саўлюс Сквярняліс, які выконваў функцыі прэм’ер-міністра Літвы з 2016 да 2020 года, ён адзначыў, што «не павінна быць так, што ў адзін дзень мы запрашаем, а ў другі – дэпартуем», гаворачы пра змену ў стаўленні да беларусаў, якая адбываецца ў літоўскіх ўладных колах.

І трэба сказаць, што ўсе гэтыя настроі тонка адчуваюць і самі беларусы, якія пачалі хвалявацца, ці не прыйдзецца ім выязджаць з Літвы. Так, паводле выдання «Наша Ніва», некаторыя кіраўнікі IT-кампаніяў з беларускімі каранямі пачалі задумвацца пра тое, ці не пачаць рэлакацыю з Літвы сваіх бізнесаў.

«Мы спачатку рэлакавалі офіс з Менску ў Вільню на фоне рэпрэсіяў супраць супрацоўнікаў, а цяпер вывозім іх з Вільні. Праз два месяцы ніводнага супрацоўніка ў Літве не застанецца, мы пераязджаем у Польшчу», – прыводзіць выданне словы кіраўніка адной знакамітай у Беларусі ІТ-кампаніі.

Закрыццё межаў

На фоне гэтых падзеяў з боку афіцыйных прадстаўнікоў Польшчы, Латвіі і Літвы ўсё часцей гучаць словы аб тым, што межы з Беларуссю могуць быць закрытыя.

Так, чарговым крокам у гэтым кірунку стане закрыццё двух памежных пераходаў на літоўска-беларускай мяжы з 18 жніўня: «Шумскас» (з беларускага боку – «Лоша») і «Твярачус» (з беларускага боку – «Відзы»). Гэтае рашэнне было патлумачанае літоўскім урадам пагрозаю ад прысутнасці ў Беларусі баевікоў расейскай групы Вагнэра. Такім чынам, пакуль на беларуска-літоўскай мяжы застануцца працаваць чатыры памежныя пункты: «Катлоўка», «Каменны Лог», «Беняконі» і Прывалка».

Але ў той жа час усё сур’ёзней абмяркоўваецца не закрыццё асобных памежных пунктаў, а поўная блакада межаў з боку нашых суседзяў. Так, міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце адзначыла, што 28 жніўня мае адбыцца нарада прадстаўнікоў Польшчы і краінаў Балтыі, дзе  абмяркуюць сінхроннае закрыццё межаў у выпадку пагрозы з боку Беларусі: «Вельмі важна, калі такое рашэнне будзе, каб гэта было рашенне не адной дзяржавы, а ўсяго рэгіёну».

Ці ёсць падстава хвалявацца беларусам у Літве?

Дэпутат літоўскага Сейму Томас Тамілінас пракаментаваў «Белсату» сітуацыю, якая складваецца вакол беларусаў у Літве, і адказаў на пытанне, наколькі трэба хвалявацца нашым суайчыннікам аб тым, што ў нейкі момант яны могуць быць выкінутыя з краіны. На ягоную думку, «ёсць сэнс хвалявацца толькі тым, хто збіраецца ў Літву, бо тут не зразумела, ці будуць якія абмежаванні дадатковыя для тых, хто яшчэ не прыехаў (кшталту што служыў у арміі і г. д.). Але мне цяжка сказаць, бо ніякіх рашэнняў яшчэ не адбылося».

Што ж датычыць тых, хто цяпер у Літве, то літоўскі дэпутат адзначыў, што яму «цяжка верыцца ў тое, што хтосьці будзе забіраць у іх статус, асабліва ў тых, хто збег і мае нейкія палітычныя праблемы ў Беларусі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня Волі ў Вільні, Літва. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Калі ў чалавека ёсць палітычныя матывы, лічыць Томас Тамілінас, то ён не можа быць высланы, бо гэтага не дазваляе рабіць міжнароднае права. Таксама не дазволяць гэтага зрабіць і літоўскія суды, калі чалавеку штосьці пагражае на радзіме і ён можа гэта даказаць.

«Праблема ў тым толькі, што людзі збольшага не атрымалі спецыяльнага статусу, у іх ёсць проста візы ці нейкія віды на жыхарства. Калі штосьці будзе мяняцца [у заканадаўстве], то, натуральна, будуць глядзець на кожнага індывідуальна», – адзначыў наш суразмоўца.

Вядома, калі чалавек будзе ствараць нейкую пагрозу дзяржаўнай бяспецы, то могуць прымацца нейкія захады, але «каб масава ставіліся інакш да беларусаў – не, я не веру ў гэта», – адзначыў Томас Тамілінас.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў