Літоўская міністарка: Не варта выганяць з Літвы беларусаў, якія ўцякалі ад рэжыму


Міністарка эканомікі і інавацыяў Літвы Аўшрыне Арманайце заявіла, што не варта выганяць з Літвы беларусаў, якія ўцякалі ад рэпрэсіяў у сваёй краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы салідарызуюцца з літоўцамі ў Дзень аднаўлення літоўскай дзяржавы. Вільня, Літва. 17 лютага 2021 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

З такой заявай міністарка выступіла з нагоды намераў некаторых літоўскіх палітыкаў, у лік якіх уваходзіць і прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа, зрабіць больш жорсткімі абмежаванні на ўезд у краіну грамадзянаў Беларусі.

Гаворачы пра беларускі бізнес, які працуе ў Літве, яна адзначыла, што ў Беларусі ён падтрымліваў апазіцыю: «Нейкія кампаніі давалі пратэстоўцам магчымасць пераначаваць і гэтак далей, у выніку кагосьці проста выкінулі з Беларусі, хтосьці ўцякаў, баючыся рэпрэсіяў, экспрапрыяцыі маёмасці і гэтак далей. Літва, Польшча і іншыя краіны зрабіліся домам для гэтых кампаніяў».

Аўшрыне Арманайце заклікала не пужаць гэтых людзей і не выганяць іх з Літвы, «бо яны прымалі рашэнні, ад’язджалі, пакідаючы свае дамы, некаторыя прыехалі з дзецьмі і змянілі сваё жыццё». А заявы некаторых палітыкаў, на ейную думку, дазваляюць меркаваць, што больш жорсткія абмежаванні, запланаваныя ў дачыненні беларусаў, закрануць у тым ліку і беларускія ІТ-кампаніі, якія перабраліся ў Літву.

Пры гэтым Арманайце падкрэсліла, што новыя беларускія прадпрыемствы пераязджаць у Літву не збіраюцца.

Нагадаем, што ў сувязі з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне, размяшчэннем на нашай тэрыторыі ядравай зброі і вялікім наплывам нелегальных мігрантаў у літоўскіх палітычных колах загаварылі пра тое, што неабходна ўзмацніць санкцыі супраць расейцаў і ліквідаваць усе адрозненні паміж імі і беларусамі на заканадаўчым узроўні. Асабліва актывізаваліся такія размовы ў красавіку 2023 года. Адным з тых, хто актыўна выступае за ўвядзенне такіх абмежаванняў, ёсць прэзідэнт Літвы.

Паводле звестак літоўскага Дэпартаменту міграцыі, колькасць беларусаў, якія жывуць у Літве, перавышае 58 000 чалавек. За паўгода ў гэтую краіну прыбылі больш як 10 000 нашых суайчыннікаў. Беларусы застаюцца адной з самых вялікіх групаў іншаземцаў пасля ўкраінцаў.

Hавiны
«Не прыслухаўся да Ціханоўскай». Міністр замежных справаў Літвы раскрытыкаваў прэзідэнта за вета
2023.04.14 23:01

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў