Анджэй Дуда: Каб Менску палепшыць стасункі з Польшчаю, трэба спыніць гібрыдныя атакі


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што Беларусь мусіць спыніць гібрыдныя атакі на польскай мяжы. Гэтыя словы прагучалі ў адказ на заяву Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасць палепшыць стасункі з Захадам і Польшчай у прыватнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Крыніца: viasna96 / Telegram

Анджэй Дуда адзначыў: палепшыць стасункі паміж дзвюма краінамі можна ў тым выпадку, калі Беларусь спыніць гібрыдныя атакі на мяжы. Падчас іх сотні мігрантаў скіроўваюцца рэжымам у суседнюю краіну.

«Не сакрэт, бо ў нас ёсць доказы ў выглядзе відэаматэрыялаў, што называць гэтыя дзеянні гібрыднай атакаю не беспадстаўна. Таму што не хто іншы, як прадстаўнікі службаў Беларусі, афіцэры бралі ўдзел у выцясненні мігрантаў да лініі мяжы», – падкрэсліў Анджэй Дуда падчас сустрэчы ў Варшаве з прэзідэнтам Латвіі.

Таксама палітык адзначыў, што польская мяжа – гэта яшчэ і мяжа Еўразвязу, таму Польшча нясе адказнасць і перад сваймі хаўруснікамі за яе ахову.

Нагадаем, што 11 жніўня Аляксандр Лукашэнка даручыў прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку наладзіць сувязь з Польшчай. Ён адзначыў, што «не трэба забывацца пра высокатэхналагічны Захад, яны побач, яны нашыя суседзі – Еўразвяз». А таксама падкрэсліў, што «і з палякамі трэба размаўляць»: «Я даручаў прэм’ер-міністру звязацца з імі. Калі яны жадаюць, давайце размаўляць, наладжваць стасункі. Аднак у іх 15 кастрычніка парламенцкія выбары, і ім трэба нагнятаць абстаноўку, каб паказаць, што яны слушна ўзбройвалі краіну».

Паводле статыстыкі, толькі з 7 да 14 жніўня 2023 года зарэгістравалі 842 выпадкі нелегальнага пераходу беларуска-польскай мяжы.

Каментар
Напужала пагроза закрыцця межаў. Эксперт растлумачыў міралюбівую рыторыку Лукашэнкі
2023.08.11 19:39

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў