Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 17 жніўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 17 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

Знішчаны расейскі танк.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 175-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 44 100 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў на валынскім і палескім кірунках сітуацыя істотна не мянялася. У ЗСУ удакладнілі, што ўчорашні ўдар па Жытомірскай вобласці быў нанесены з самалёта Су-34. Пагроза нанясення ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі па-ранейшаму захоўваецца.

На сіверскім кірунку праціўнік працягвае абстрэлы памежных раёнаў Чарнігаўскай і Сумскай вобласцяў Украіны.

На харкаўскім кірунку расейцы праводзяць наступальныя дзеянні ў бок Лябяжага і Базалееўкі, баявыя дзеянні працягваюцца.

Таксама яны абстралялі з танкаў і артылерыі тэрыторыі каля Харкава, Пятроўкі, Дзяменціеўкі і яшчэ 18 іншых населеных пунктаў. Авіяўдары былі нанесеныя па ваколіцах Старога Салтава і Масьпанава.

На славянскім кірунку праціўнік намагаўся правесці наступальны бой каля Багародзічнага, але поспеху не меў ды адышоў. Цяпер баі працягваюцца каля Мазанаўкі і Навадзмітраўкі.

Расейскі БТР, які захапілі ўкраінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Варожыя абстрэлы на гэтым кірунку былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Бражкаўка, Вялікая Камішуваха, Дзіброўнае, Вірнаполле і Мазанаўка.

На краматорскім кірунку вораг намагаўся наступаць у бок Спірнага, але поспеху не меў ды адступіў на старыя пазіцыі. Таксама праціўнік праводзіў паветраную выведку каля Краматорску.

Акрамя гэтага расейскія абстрэлы былі зафіксаваныя каля Мікалаеўкі, Славянску, Краматорску, Спірнага, Верхнякаменскага, Івана-Дар’еўкі, Грыгораўкі і Званаўкі.

На бахмуцкім кірунку расейцы праводзілі штурмавыя і наступальныя дзеянні каля Залізнага, Шумаў і Зайцава, але поспеху не мелі ды адышлі. Цяпер баявыя дзеянні працягваюцца ў ваколіцах Салядару і Бахмуцкага.

Варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Бахмут, Салядар, Зайцава, Белагораўка і Маёрск.

На аўдзееўскім кірунку праціўнік праводзіць штурмавыя дзеянні каля населенага пункту Вопытнае, баі працягваюцца.

Варожыя абстрэлы зафіксаваныя каля Аўдзееўкі, Мар’інкі, Нью-Ёрку, Александропалю, Піскоў, Вадзянога, Вопытнага і Невельскага. Авіяўдары былі нанесеныя па ваколіцах Мар’інкі, Краснагораўкі і Ясінуватай.

На навапаўлаўскім і запарожскім кірунках расейцы праводзілі наступальныя баі ў ваколіцах Шаўчэнкава, але атрымалі адпор ды адышлі назад. Цяпер баявыя дзеянні працягваюцца каля Новаміхайлаўкі. У ваколіцах Інжынернага і Украінскага праціўнік замініраваў мясцовасць.

Акрамя гэтага акупанты здзейснілі абстрэлы ваколіцаў населеных пунктаў Вялікая Навасёлка, Навасёлка, Новаміхайлаўка, Паўлаўка, Богаяўленка, Сонцаўка, Сцепнагорск, Шаўчэнка, Вуглядар, Бурлацкае, Чароўнае, Залізнічнае, Гуляйполе, Гуляйпольскае, Новаданілаўка, Лук’янаўскае, Арыхаў, Урэмаўка, Палтаўка, Новапаль і Навоандрэеўка.

На паўднёвабужскім кірунку свае асноўныя намаганні праціўнік засяродзіў на ўтрыманні раней занятых пазіцыяў  і недапушчэнні прарыву з боку ЗСУ. Пры гэтым расейцы нанеслі авіяўдар па ваколіцах Белагоркі, пасля чаго паспрабавалі правесці наступальныя баі, але панеслі страты ды адступілі назад.

Таксама акупанты здзейснілі абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў па ўсёй лініі сутыкнення  і працягнулі паветраную выведку з дапамогаю беспілотнікаў.

Тым часам аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) лічаць, што ўчорашнія выбухі ў крымскім пасёлку Майскае «нанеслі значную шкоду расейскім рэсурсам і сур’ёзна парушылі лагістыку». Паводле экспертаў, Войскі РФ выкарыстоўвалі Джанкой як чыгуначны вузел для дастаўкі войскаў і абсталявання ў акупаваныя населеныя пункты на поўдні Запарожскай вобласці, у тым ліку ў Мелітопаль.

Крымскі мост. Крыніца: wikipedia.org

У сваю чаргу дарадца Офісу Прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк на фоне ўчорашніх падзеяў у Крыме выказаўся і пра Крымскі мост. Паводле Падаляка, гэты мост быў пабудаваны незаконна, і цяпер з’яўляецца асноўнымі варотамі для забеспячэння расейскай арміі на паўвостраве. Таму ён павінен быць знішчаны.

Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў пра знішчэнне варожага штабу ў акупаваным Лісічанску. Паводле яго, хутчэй за ўсё ў знішчаным будынку загінулі каля ста чалавек з кіраўніцтва Другога армейскага корпусу РФ, таксама сярод загінулых было каля 20 супрацоўнікаў ФСБ.

Украінскае прадпрыемства «Энергаатам» паведаміла, што афіцыйны сайт кампаніі быў атакаваны хакерамі. Кібератака, якую ўжо назвалі самай маштабнай з пачатку вайны, ажыццяўлялася з тэрыторыі Расеі Хакерскай групоўка «Народная Киберармия», якая цягам трох гадзінаў сімулявала сотні мільёнаў праглядаў асноўнай старонкі сайту «Энергаатаму». Але адзначаецца, што атака хакераў істотна не паўплывала на працу прадпрыемства.

BK belsat.eu

Стужка навінаў