На Партызанскім праспекце ў Берасці адкрыўся новы будынак для міліцыі. Сюды пераехала міліцыя Берасцейскага раёну, а таксама раённыя аддзелы па міграцыі.
Раней у гэтым будынку мясціўся «Белтэлекам», а калі ён з’ехаў – пачалася рэканструкцыя на патрэбы міліцыі, якая зацягнулася больш за год.
11 жніўня насупраць гэтага будынку вайсковец Раман Гаўрылаў застрэліў Генадзя Шутава, а сведка гэтага забойства Аляксандр Кардзюкоў атрымаў 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На месцы забойства ўзнік народны мемарыял, які пазней быў знішчаны. Цяпер нічога пра яго не нагадвае.
Ніякага ўрачыстага адкрыцця новага будынку міліцыі не было.
Раней раённая міліцыя месцілася ў гістарычным будынку ў цэнтры Берасця, на скрыжаванні вуліцы Савецкай і праспекту Машэрава. Падчас леташніх пратэстаў там быў міліцэйскі штаб, адкуль сілавікі атакавалі мірных пратэстоўцаў, а тыя хто аказаліся ўнутры будынку з жахам узгадваюць тыя моманты.
Белсат зазірнуў унутр новага будынку перад адкрыццём. На фота відаць дзяжурную частку і камеры для затрыманых.
Акрамя кратаў дзверы камераў абароненыя аргшклом таўшчынёй больш за сантыметр. У будынку ёсць спортзала, але туды трапіць не ўдалося. Таксама ёсць актавая зала.